Алесю Краўцэвічу – 60 год!
Гісторыку, археолагу і папулярызатару беларускай гісторыі Алесю Краўцэвічу – 60 год.
Ягоныя навуковыя і папулярныя выданні, а таксама перадачы, якія выходзяць на тэлеканале “Белсат” і на нашым Беларускім Радыё Рацыя абуджаюць цікаўнасць да свайго мінулага і ўзгадоўваюць нацыянальную свядомасць беларусаў. Сам гісторык з лёгкасцю глядзіць на сваё 60-годдзе:
– Іншыя часы. Зараз афіцыйна нават узроставая катэгорыя да 65 ці нават 75 не лічыцца людзьмі сталага веку. Гэта адно. Добра, калі ўжо ёсць жыццёвы досьвед, і яшчэ ёсць здароўе. Я спадзяюся, што так будзе далей. Бо пра гэта трэба клапаціцца. Калі гаварыць пра жыццёвую дарогу як гісторыка, яна выпадкова, у пэўным сэнсе, была абраная. Бо дзіўным у маім жыцці было тое, што я свае дзіцячыя мары імкнуўся рэалізоўваць. Не проста марыў, але рабіў канкрэтныя крокі па іх рэалізацыі.
Нашае Беларускае Радыё Рацыя віншуе шаноўнага юбіляра з днём народзінаў і зычыць яму далейшых творчых i навуковых дасягненняў!
А творчая сустрэча Алеся Краўцэвіча з гарадзенцамі пройдзе ўжо 14-га верасня ў „Цэнтры гарадскога жыцця” а 19-й гадзіне.
* * *
Алесь Краўцэвіч родам з вёскі Лупачы Мастоўскага раёна. Ён скончыў гістарычны факультэт Белдзяржуніверсітэта і аспірантуру Інстытута археалогіі АН СССР, вучыўся ў дактарантуры БДУ. Працаваў у інстытуце гісторыі Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі, у Беларускім рэстаўрацыйна-праектным інстытуце, намеснікам старшыні Дзяржаўнай інспекцыі аховы гістарычна-культурнай спадчыны і першым прарэктарам Гарадзенскага ўніверсітэта…
Тэмамі кандыдацкай і доктарскай дысертацый Алеся Краўцэвіча былі гарады і замкі беларускага Панямоння XIV–XVII стагоддзяў і Вялікае Княства Літоўскае ў другой палове XIII – пачатку XIV стагоддзяў: генезіс дзяржавы па пісьмовых і археалагічных крыніцах.
Дзякуючы Алесю Краўцэвічу, беларусы сёння шмат новага даведаліся пра Міндоўга і Гедыміна, пра замкі Гедыміна і Тэўтонскі ордэн, пра рыцараў і дойлідаў Гародні, пра гістарычную Літву і этнагенез беларусаў, пра палітычную гісторыю ВКЛ і г.д.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня