Алесю Пушкіну падоўжылі тэрмін пад вартай
Беларускаму мастаку Алесю Пушкіну падоўжылі тэрмін утрымання пад вартай на два месяцы – да 30 жніўня. За кратамі арыштаваны мастак знаходзіцца ўжо больш 2 месяцаў. Ён сядзеў у Гародні, потым у Менску, а зараз у Жодзіне.
Мастак Алесь Пушкін быў затрыманы 30 сакавіка ў вёсцы Жылічы Кіраўскага раёна, дзе ён працаваў на рэстаўрацыі палаца Булгакаў. Алесь Пушкін — фігурант крымінальнай справы, якую пачала гарадзенская пракуратура па ч. 3 арт.130 Крымінальнага кодэкса (распальванне варажнечы). Паводле пракуратуры, «за здзяйсненне наўмысных дзеянняў, накіраваных на рэабілітацыю і апраўданне нацызму». Падставай для гэтага стаў партрэт антысавецкага падпольшчыка Яўгена Жыхара «з аўтаматам на плячы», які быў выстаўлены ў прыватным «Цэнтры гарадскога жыцця» на выставе ў Гародні.
Алесь Пушкін сябе вінаватым не прызнае. Ён даваў паказанні следству, але пасля, з-за таго, што следчыя не валодаюць беларускай мовай ці не хочуць прынцыпова размаўляць па-беларуску, стаў маўчаць.
Ліставаць мастаку можна на адрас: 222163, г. Жодзіна, вуліца Савецкая, 22А, следчая турма №8. Пушкіну Аляксандру Мікалаевічу.
Беларускае Радыё Рацыя