Алесю Смаленчуку – 60



Вядомаму гарадзенскаму гісторыку, прафесару Алесю Смаленчуку споўнілася 60 гадоў!

Сферай даследаванняў навукоўцы з’яўляецца краёвы рух Беларусі і палітычная гісторыя Беларусі 19-га – пачатку 20-га стагоддзяў, таксама вусная гісторыя. „Краёвая ідэя” дапамагае зразумець прычыны з’яўлення і перашкоды ў развіцці беларускага нацыяналізму, як альтэрнатывы „краёвасці”. Кажа Алесь Смалянчук:

– Ішло актыўнае фармаванне некалькіх народаў, беларускага адраджэння, літоўскага адраджэння. Актыўная дзейнасць польскіх арганізацый ва ўмовах антыпольскай палітыкі расейскіх уладаў. І ў сітуацыі, калі гістарычную Літву гэтыя нацыянальныя рухі разрывалі на часткі, з’явілася група людзей – група ідэолагаў, якія спрабавалі захаваць цэльнасць гістарычнай Літвы. У вялікай ступені гэтая “краёвая ідэя” абапіралася на памяць пра Вялікае княства Літоўскае пасля Люблінскай уніі. Пра Украіну там ужо гаворка не ішла – гэта беларускія і літоўскія землі.

Апошнія гады, разам з вывучэннем вуснай гісторыі, прафесар ажыццявіў шэраг экспедыцый па Беларусі. Вынікам стала створаная база аўдыё-успамінаў, сабраных у „Архіве вуснай гісторыі”. Яшчэ адным вынікам вывучэння „краёвай ідэі” Беларусі, стала яго манаграфія „Раман Скірмунт. Жыцьцяпіс грамадзяніна Краю” .  Яго кніга – гэта гісторыя беларускага Палесся, а таксама гісторыя чалавека, які называў сябе „беларусам польскай культуры”.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня