Альфрэд Слізень не ўбачыў палаца продкаў на Слонімшчыне
Альфрэд Слізень не ўбачыў палаца продкаў на Слонімшчыне, які маляваў Напалеон Орда.
Палац Слізеняў. Малюнак Напалеона Орды, 1861 год
У вёсцы Новадзявяткавічы Слонімскага раёна ўпершыню пабываў Альфрэд Слізень з дачкой і ўнукамі, якія жывуць у Польшчы. Альфрэду Слізеню было 6 гадоў, калі ён з маці пакінуў Новадзявяткавічы і родны палац Слізеняў і пераехаў з маці ў Нясвіж. Сёння пану Слізеню ўжо 91 год, з іх—85 гадоў ён не быў у родных Новадзявяткавічах. Ад яго продкаў тут засталіся касцёл святых Пятра і Паўла, а таксама вежа-званіца, якія патрабуюць рэстаўрацыі і рамонту. Знакамітага палаца Слізеняў, які ў 1861 годзе маляваў вялікі мастак Напалеон Орда, убачыць не ўдалося, яго ўжо няма ў Новадзявяткавічах. Падчас вайны палац спалілі партызаны, а рэшткі пасля вайны разабралі вяскоўцы на печы і на іншыя гаспадарчыя прыбудовы.
Альфрэда Слізеня і яго сям’ю шчыра сустракалі жыхары вёскі Новадзявяткавічы. Яны падаравалі ім сувеніры, расказалі пра гісторыю вёскі, правялі экскурсію па вёсцы, наведалі касцёл святых Пятра і Паўла.
Сям’я Слізеняў таксама наведала Менск і Нясвіж.
Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя, Слонімскі раён
Фота slonves.by