Аліна Болбас: Не чакалі такой масавасці на студэнцкіх пратэстах
У першы дзень нацыянальнай забастоўкі ў Беларусі менавіта студэнты праявілі сябе найбольш актыўна. У прыватнасці, навучэнцы БДУ аказвалі мірны супраціў у счэпцы супрацоўнікам АМАПу, а пасля далучыліся да Маршу пенсіянераў ад Чырвонага касцёлу. Фактычна па ўсім горадзе студэнты сталічных ВНУ прайшлі “баявое хрышчэнне” і пацвердзілі званне “студэнта” ў самым высокім разуменні. Каб асэнсаваць гэткі феномен, з сённяшняй Госцяй Рацыі, актывісткай Задзіночання Беларускіх Студэнтаў Алінай Болбас мы і пагутарылі пра студэнцкія пратэсты ў Менску.
РР: Як на вашу думку, што апошнім часам змянілася ў Менску, чаму так актыўна менскія студэнты ўзялі ўдзел у акцыях пратэсту?
Аліна Болбас: Па-першае, як мне здаецца, асноўная прычына, чаму зараз студэнты актыўныя, гэта тое, што нашае пакаленне яно расло ў сучаснай рэчаіснасці, і нашае пакаленне зараз, гэта тыя, якія не памятаюць ні 2006 год, ні 2010 год. Вось такія брутальныя разгоны для іх упершыню. І ў іх няма перад імі страху. Зараз узнікае больш абурэнне, чым страх. Тым больш зараз моладзь вельмі часта вандруе, бачыць, як павінна быць. Ім цікава не толькі, як, напрыклад, нашым бацькам, проста звычайная праца, заробкі і ўсё, ім гэтага хопіць. У моладзі іншыя каштоўнасці. Ім важна змагацца за свабоду і жыць у свабоднай краіне. Так складваецца, што гэта ўсё накладаецца адно на адно, і калі ў студэнтаў ёсць жаданне пераменаў, у іх няма страху. І вось калі АМАП прыйшоў да студэнтаў, то студэнты не бегалі, таму што ў іх няма адчування гэтага страху.
РР: На сённяшні момант ці вядома вам, колькі ўсяго студэнтаў затрымана па выніках апошніх пратэстаў у Менску?
Аліна Болбас: Я ведаю, што была лічба, нібыта на 16-ю гадзіну 26 кастрычніка затрымана 14 студэнтаў БДУІРу. У БДУ, напэўна, нікога не затрымлівалі. Яшчэ затрымалі некалькі студэнтаў БНТУ. У БДУ было вельмі шмат АМАПу, але затрыманняў не было.
Цалкам размова:
З Госцяй Рацыі размаўляла Вольга Сямашка.
Фота са сторонкі Аліны Болбас у Facebook і адкрытых крыніц.