Аліна Нагорная: Раскажам як беларусізаваць вуліцы
«Ты можаш паўплываць на тое, каб вулічныя ўказальнікі, шыльды і дарожныя знакі былі на беларускай мове». З такім заклікам да ўсіх жыхароў Беларусі звяртаюцца прадстаўнікі грамадскай арганізацыі “Умовы для мовы”, якія не толькі хочуць чуць родную мову навокал, але і бачыць Беларусь з беларускамоўнымі шыльдамі.
Дзеля гэтага 29 чэрвеня для ўсіх ахвотных будзе арганізаванае спатканне, на якім можна пачуць адказы на пытанні: як зрабіць, каб беларускамоўных шыльдаў і ўказальнікаў стала болей? Ці можна беларусізаваць вуліцы праз звароты? Якое заканадаўства рэгулюе пытанні ўжывання беларускай мовы на шыльдах?
У час спаткання і пасля яго можна разлічваць на ўсебаковую падтрымку ў справе беларусізацыі шыльдаў, кажа прадстаўнік грамадскай ініцыятывы “Умовы для мовы” Аліна Нагорная:
– Можна будзе прыйсці і даведацца, як напісаць звароты, каб вакол з’явілася шмат беларускамоўных шыльдаў. І кожны чалавек зможа да гэтага далучыцца. І я буду рада, калі будуць далучацца з рэгіёнаў. Таму што ў Менску вельмі шмат беларускамоўных шыльдаў, чаго не скажаш пра рэгіёны, але ўсё ж такі ў некаторых гарадах, напрыклад, у Баранавічах, у Гомелі, дзесьці нават у Слуцку мы зрабілі так, каб шыльды дубляваліся на двух мовах. А ў Слуцку мы зрабілі, каб памылкі былі выпраўлены на беларускамоўных шыльдах. Нешта рухаецца. Галоўнае праяўляць ініцыятыву і не баяцца пісаць звароты і заяўляць пра сваё жаданне бачыць беларускую мову.
Спатканне адбудзецца 29 чэрвеня ў Менску, у галерэі “Ў” па вуліцы Кастрычніцкай у рамках фестывалю моладзевых ініцыятыў “Страшная справа”. Пачатак а 13.00.
Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя