Аліна Стэфановіч: Дзякую Грузіі і дапамагаю беларусам тут
Жонка палітвязня «вясноўца» Валянціна Стэфановіча некалькі месяцаў таму з´ехала за мяжу і цяпер у Грузіі ўдзельнічае ў справах беларускай дыяспары.
Распавядае Аліна Стэфановіч:
– Я вельмі ўдзячная Грузіі, што яна прыняла нашу сям’ю, і не толькі нашу сям’ю. Вельмі шмат беларусаў знайшлі тут сабе часовы, я спадзяюся, прытулак. Мы тут жывём, гадуем дзяцей, водзім іх у школы, жывём жыццём беларускай супольнасці таксама. Цяпер мы рыхтуемся да Калядаў. Гэта тое, што беларусы робяць паўсюль, і нават у Грузіі. Каб нарадзілася новае сонца, трэба калядаваць, вось, што мы і збіраемся рабіць.
Аліна Стэфановіч упэўнена, што такія святы патрэбныя не толькі дзецям, але і дарослым:
– Гэта свята не толькі для дзяцей, а свята і для дарослых, наша агульнае. Увогуле беларускіх дзяцей тут шмат. Ёсць нават беларускамоўны гурток, і я спадзяюся, што будзе не адзін. Таксама мы плануем пачаць заняткі беларускіх танцаў. Таму, калі хто слухае нас з Грузіі і мае дзяцей або сам дарослы мае жаданне патанчыць і паспяваць, то, калі ласка, запрашаем.
Палітвязень Валянцін Стэфановіч заходзіцца за кратамі з 14 ліпеня 2021 года, калі ў яго канфіскавалі ўсю тэхніку, а самаго праваабаронцу павезлі на допыт, пасля чаго змясцілі пад варту. Яго абвінавачваюць па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 342 Крымінальнага кодэкса — арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх, і арт. 243 Крымінальнага кодэкса — ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў.
Беларускае Радыё Рацыя