Альтэрнатыўны даклад у Камітэт па правах дзіцяці ААН
Грамадзянская супольнасць прадставіла альтэрнатыўны даклад у Камітэт па правах дзіцяці ААН. Прэзентацыя адбылася 20 снежня ў офісе ПЦ “Вясна”.
Увагу звярнулі на праблемы доступа да правасуддзя дзіцяці, рэалізацыі права на жыццё, адабрання дзяцей з сем’яў, аховы здароўя.
Дзеці ўвогуле – гэта ўразлівая група (і таму адмыслова існуе Камітэт па правах дзіцяці), але сярод дзяцей выдзяляюцца яшчэ больш уразлівыя групы, адзначае Дзмітрый Чарных з Беларускага Хельсінкскага камітэта:
– У сваёй справаздачы мы ўказваем, што ёсць праблемы дзяцей з інваліднасцю. А сярод іх ёсць розныя дзеці – дзеці з парушэннямі аўтычнага спектару, ёсць дзеці, якія жывуць з ВІЧ. І гэтыя катэгорыі дзяцей часта падвяргаюцца дыскрымінацыі як у заканадаўстве, так і на практыцы.
ПЦ “Вясна” і яе прадстаўнік, юрыст Павел Сапелка са свайго боку звярнулі ўвагу на тры асноўныя моманты, дзе парушаюцца правы дзіцяці ў Беларусі
– Гэта выкананне грамадзянскіх правой дзяцей, у прыватнасці права на мірныя сходы і свабоду выказвання думак. Таксама парушэнне адносна прымусовай працы. І асобны блок – гэта правасуддзе ў адносінах непаўнагадовых. Акрамя таго дзяржава не прыняла неабходных мер для абароны дзяцей ад спажывання і ўцягвання ў распаўсюд наркотыкаў.
У падрыхтоўцы альтэрнатыўнага даклада ўдзельнічалі восем праваабарончых арганізацый і грамадскіх аб’яднанняў: Хельсінкскі фонд па правах чалавека (Польшча), Беларускі Хельсінкскі Камітэт, ПЦ „Вясна”, „Цэнтр па прасоўванні правоў жанчын — Яе правы”, Экспертна-прававое таварыства „Ініцыятыва «Forb»”, „Цэнтр праблем дзіцячага развіцця «Леванія»”, „Офіс па правах людзей з інваліднасцю”, „Human Constanta”.
З поўным тэкстам даклада можна пазнаёміцца, у прыватнасці, і на сайце ПЦ “Вясна”.
Беларускае Радыё Рацыя