Аляксандар Камароўскі: Стаўленне ўладаў да ветэранаў-афганцаў скрайне негатыўнае 



Роўна 32 гады таму завершыўся вывад савецкага кантынгенту з Афганістана. Ветэран «Афгану», афіцэр баявой авіяцыі Аляксандар Камароўскі ацэньвае тую вайну выключна як злачынную й непатрэбную як у адносінах да афганскага народу, так і ў адносінах да савецкіх салдатаў і іх сем’яў.

Баявыя дзеянні ў Афганістане падобныя да тых, што зараз адбываюцца ў Данбасе. Стаўленне ўладаў Беларусі да ветэранаў Афганскай вайны скрайне нэгатыўнае, кажа Камароўскі:

– На ўсёй прасторы былога СССР у Беларусі, відаць, самае хамскае стаўленне да ветэранаў Афганскай вайны. Малодшы афіцэр, сяржант, прапаршчык, салдат – нароўні з грамадзянскім насельніцтвам у нашых паліклініках, бальніцах.

Узрост самых маладых удзельнікаў Афганскай вайны набліжаецца да 60 год. Па словах Камароўскага, у гэтым асяроддзі нярэдка здараюцца суіцыды.

– Напрыклад, у Жодзінскай арганізацыі было 200 ветэранаў. І вось сярод гэтых 200 чалавек – чатыры самагубствы. Гэта два адсоткі ад агульнай колькасці ветэранаў.

Паводле статыстыкі, у Афганскай кампаніі бралі ўдзел 30 577 беларусаў, з іх 789 загінулі, 12 зніклі бяз весткі, інвалідамі сталі  718 чалавек.

Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: novychas.by