Аляксандр Алесін вызвалены пад падпіску аб нявыездзе (абноўлена)
Вызвалены пад падпіску пра нявыезд эканамічны і ваенны аглядальнік газеты „Беларусы і рынак” Аляксандр Алесін лічыць сваё звінавачанне ў сувязях з замежнымі спецслужбамі беспадстаўным. Журналіст быў вызвалены са следчага ізалятара КДБ раніцай 10 снежня, а затрыманы яшчэ 25 лістапада.
– Артыкул змянілі на “сувязь з замежнымі спецслужбамі”. А першапачаткова была “здрада Радзіме ў выглядзе шпіянажу”. Я лічу, што гэта неабгрунтаванае звінавачанне. Я не парушаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь, у маіх матэрыялах няма ніякай сакрэтнай інфармацыі ці дзяржаўнай таямніцы. Усё ўзята з адкрытых крыніц.
Аляксандр Алесін упэўнены, што любая экспертыза пацвердзіць, што ў яго матэрыялах няма разгалошвання сакрэтнай інфармацыі і дзяржаўнай таямніцы.
У абарону Алесіна выступілі праваабаронцы закрытага ўладамі цэнтра „Вясна”, Беларуская асацыяцыя журналістаў і яго калегі па рэдакцыі.
* * *
Ваеннага аналітыка, аглядальніка штотыднёвіка „Беларусы і рынак” Аляксандра Алесіна сёння вызвалілі са следчага ізалятара КДБ пад падпіску пра нявыезд.
Паведамленне пра вызваленне журналіста з’явілася на сайце штотыднёвіка. Зазначаецца таксама, што „рэдакцыя газеты лічыць інцыдэнт вычарпаным”.
Калега Алесіна, карэспандэнт газеты „Беларусы і рынак” Павел Быкоўскі яшчэ не меў нагоды бачыць Алесіна ці размаўляць па тэлефоне, аднак лічыць, што ў сувязі з падпіскай пра нявыезд прэтэнзіі праваахоўных органаў да Алесіна застаюцца. А якія яны – пакуль няясна.
– Мне падаецца, што гэта пэўнае паляпшэнне сітуацыі, але гэта не здымае праблемы, бо крымінальная адказнасць засталася. Па словах Аляксандра Алесіна, яму зараз высунулі менш цяжкае звінавачанне за сувязь з замежнымі дзяржавамі. У нас ёсць прэцэдэнт адзінага пакарання па гэтым артыкуле. Гэта слесар нафтаперапрацоўчага завода. Я спадзяюся, што гэта справа рассыплецца і Аляксандр Алесін не будзе пакараны. На сённяшні дзень штосьці прадказваць па гэтай справе немагчыма.
Аляксандр Алесін быў затрыманы 25 лістапада, аднак вядома пра гэта стала толькі 4 снежня. У абарону Алесіна выступілі праваабаронцы закрытага ўладамі цэнтра „Вясна”, Беларуская асацыяцыя журналістаў і яго калегі па рэдакцыі. КДБ па-ранейшаму нічога не каментуе.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Аляксандр Алесін вызвалены з СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыездзе. Пра гэта паведаміла газета „Белорусы и рынок”, у якой працуе журналіст.
– Ён пазваніў літаральна адразу як выйшаў. Сказаў, што едзе дадому. Цяпер ён адпачывае, аднаўляецца. Мы дамовіліся, што да панядзелка ён будзе дома і потым выйдзе на працу. Пакуль, слава Богу, мы лічым, што інцыдэнт вычарпаны, – сказаў Радыё Свабода галоўны рэдактар „Белорусы и рынок” Вячаслаў Хадасоўскі.
Сын Алесіна Ягор паведаміў наступнае:
“Бацька патэлефанаваў з чужога тэлефона, ён сказаў, што ягоная справа перакваліфікаваная па іншым артыкуле Крымінальнага кодэксу і ён адпушчаны пад падпіску аб нявыездзе”. З самім Аляксандрам Алесіным пагутарыць пакуль не ўдаецца.
Пра затрыманне журналіста недзяржаўнай газеты „Белорусы и рынок”, вайсковага эксперта Аляксандра Алесіна стала вядома ў чацвер 4 снежня, хоць яго затрымалі 25 лістапада, а ў кватэры быў праведзены ператрус.
У панядзелак, 8 снежня, са слоў дачкі журналіста Вольгі, стала вядома, што Алесіну выстаўленае абвінавачанне па артыкуле 356 „Здрада дзяржаве” і 356 частка 1 „Выдача дзяржаўнай тайны замежнай дзяржаве, замежнай арганізацыі ці прадстаўніку, альбо шпіянаж”.
Паводле гэтага артыкулу прадугледжана зняволенне на тэрмін ад 7 да 15 гадоў.
Разам з Алесіным, паводле словаў Вольгі, абвінавачанне было высунутае супраць дыпламата адной з краін. Але ён не знаходзіцца ў зняволенні, бо абаронены дыпламатычным імунітэтам.
Тады ж Вольга выказала меркаванне, што бацьку вызваляць пад падпіску аб нявыездзе па стане здароўя, – прыгадвае „Наша Ніва”.