Гарадскі суд пакінуў арышт Баразенку ў сіле (абноўлена)



Менскі гарадскі суд пакінуў рашэнне ад арышце журналіста тэлеканала “Белсат” Аляксандра Баразенкі на 15 сутак у сіле. 27 сакавіка аператар быў пакараны арыштам за тое, што падчас акцыі у Дзень Волі нібыта нецэнзурна лаяўся.

Аднак відэазапіс з камеры Баразенкі ў момант затрымання яскрава сведчыў пра тое, што нічога падобнага журналіст не рабіў. Нягледзячы на гэта спачатку суддзя Маскоўскага суда Мінска Таццяна Мотыль, а цяпер і Мінскі гарадскі суд прызнаў аператара вінаватым. Сведкамі ў справе выступалі супрацоўнікі мінскага АМАП Міхаіл Варывончык і Арцём Міхалевіч.

З асуджэннем рашэння ў дачыненні Аляксандра Баразенкі, а таксама іншых журналістаў выступілі многія журналісцкія арганізацыі свету, а Нацыянальны саюз журналістаў Украіны нават звярнуўся з афіцыйным лістом у гэтай справе да Аляксандра Лукашэнкі.

Сябры і паплечнікі збіраюцца сустракаць Аляксандра Баразенку з-за кратаў у нядзелю а 15:10 ля Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна (менавіта такі час пазначаны ў пратаколе).