Аляксандр Баразенка – на волі
Журналіст тэлеканала „Белсат”Аляксандр Баразенка вызвалены пасля 15 сутак адміністрацыйнага арышту за Дзень Волі. Тэлеканал «Белсат» праводзіў анлайн-трансляцыю вызвалення журналіста з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна.
Ля ўваходу ў цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў стаяў аўтамабіль, у якім сядзеў мужчына з відэакамерай. Да ізалятара на Акрэсціна прыйшоў палітолаг Алесь Лагвінец, якога напярэдадні Дня Волі брутальна затрымалі. Аляксандра сустракалі калегі і сябры. За ўсімі сачылі людзі ў цывільным.
25 сакавіка Аляксандра Баразенку затрымалі супрацоўнікі АМАПа. Пазней суд Маскоўскага раёна Менска пастанавіў арыштаваць яго на 15 сутак за дробнае хуліганства. Супрацоўнікі АМАПу, якія ўдзельнічалі ў судовым паседжанні ў якасці сведак, сцвярджалі, што Аляксандр Баразенка «лаяўся і размахваў рукамі».
Беларускае Радыё Рацыя
Фота БелаПАН
