Аляксандр Бухвостаў: Ад змены месцаў сэнс не зменіцца
Старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Леанід Козік cыйшоў у адстаўку, на яго месца пакуль нікога не прызначылі. Ці зменіцца нешта ў працы афіцыйных прафсаюзаў са зменай кіраўніка? Аб гэтым разважае адзін з лідараў незалежных прафсаюзаў Аляксандр БУХВОСТАЎ.
Аляксандр Бухвостаў: На мой погляд, у працы Федэрацыі прафсаюзаў нічога не зменіцца, бо гэта не самастойная арганізацыя. Яна кантралюецца ўладай, таму хто ўзначаліць Федэрацыю будзе па сутнасці вызначаць не пленум ці з’езд, а тая ж самая ўлада. Каго прызначаць, таго і прызначаць. Ніхто не будзе губляць кантроль над арганізацыяй па стрымліванні рабочых. Таму, калі і падбяруць кандыдатуру, то гэта будзе чалавек, якому давярае афіцыйны лідар. Будуць глядзець, наколькі ён адданы ўладзе. Ніхто не захоча, каб з’явілася яшчэ адна вольнадумная фракцыя. Так што ад змены месцаў сэнс не зменіцца.
РР: Якімі сваімі крокамі можа запомніцца рабочым былы старшыня Федэрацыі прафсаюзаў?
Аляксандр Бухвостаў: Пры Козіку замацавалася кантрактная сістэма, можа гэтым і запомніцца? Пры Ганчарыку гэты працэс стрымліваўся на прадпрыемствах, але затым усё пакацілася і адбылася поўная замена кадраў. Мне здаецца, што сёння афіцыйныя прафсаюзы вельмі далёкія ад надзённых праблем рабочых. Ці ведаюць яны наогул, хто такі Козік? Цікава было б у іх спытацца.
РР: Пайшлі чуткі, што на пасаду старшыні Федэрацыі можа быць быць прызначана вызваленая ад пасады памочніца кіраўніка краіны Наталля Пяткевіч. Ці мае права на жыццё такая версія?
Аляксандр Бухвостаў: Мае, чаму ж не? Паўтаруся, усё будзе залежыць ад таго, што вырашаць на самым версе. Козік жа таксама прыйшоў у прафсаюзы з Адміністрацыі прзідэнта, дык чаму Пяткевіч не можа? Пераемнасць можа быць, хоць гэта і выкліча негатыўны рэзанас у міжнародным прафсаюзным руху. Гэта ж будзе прызначэнне, а не абранне. А Федэрацыя ж марыць аднавіць свой аўтарытэт у вачах міжнароднай грамадскасці. Хоць адно можна сказаць з дакладнасцю – афіцыйныя прафсаюзы пры любым кіраўніку апазіцыйнымі не будуць. Вельмі доўга ўлада падбірала іх пад сябе.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя