Аляксандр Бухвостаў: Афіцыйныя прафсаюзы – частка дзяржаўнай сістэмы



Адзін з лідараў незалежных прафсаюзаў Аляксандр Бухвостаў распавёў, чаму сёння адміністрацыя кіраўніка краіна клапоціцца пра арганізацыю з’езда Федэрацыі прафсаюзаў.

Старшыня афіцыйных прафсаюзаў Міхаіл Орда запрасіў Лукашэнку ўзяць удзел у з’ездзе ФПБ, які адбудзецца ў лютым гэтага года.

Беларускі кіраўнік запрашэнне прыняў і нават даручыў кіраўніку Адміністрацыі прэзідэнта і ўраду далучыцца да працэсу падрыхтоўкі гэтага мерапрыемства.

Аляксандр Бухвостаў: Сённяшнія афіцыйныя прафсаюзы арганічна ўпісаны ў дзяржаўную структуру па прынцыпе савецкай. Толькі раней была камуністычнай партыя, а зараз адміністрацыя прэзідэнта.

І я гляджу, што кіруюць сёння прафсаюзамі многія чыноўнікі, якія ніколі не разумелі сапраўднай прафсаюзнай дзейнасці, а займаліся справамі на дзяржаўнай службе. Таму сам характар Федэрацыі прафсаюзаў – ён зусім іншага прызначэння. Гэта не абарона працоўных, а хутчэй абарона сістэмы ад працоўных, каб апошнія не пратэставалі супраць свайго становішча.

РР: Адміністрацыя прэзідэнта як быццам не павінна клапаціцца пра арганізацыю з’езда арганізацыі…

Аляксандр Бухвостаў: Афіцыйныя прафсаюзы яшчэ больш-менш нармальна працавалі, калі кіраўніком ФПБ быў Уладзімір Ганчарык, а зараз ужо зусім не тое. Тады арганізацыю і пакінулі ўсе людзі, якія былі за тое, каб прафсаюзы працавалі, як незалежная структура.

Але аўтарытарны рэжым не прадугледжвае незалежнага прафсаюзнага руху. У краінах з такім рэжымам прафсаюз, які імкнецца да незалежнасці, альбо закрываюць, альбо ён становіцца на службу дзяржаве.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя