Аляксандр Ярашук: Заўжды знаходзяцца людзі з пачуццём уласнай годнасці (абноўлена)
Замест сустрэчы, якая павінна была вырашаць праблему былых працоўных Бабрускага завода трактарных дэталёў і агрэгатаў Мікалая Жыбуля, Алега Шаўчэнкі, Аляксандра Варанкіна і Аляксандра Грамыкі, улады зладзілі пастановачны фарс. Пра гэта паведаміў прадстаўнік галадоўнікаў Міхаіл Кавалькоў:
– Гэта была падрыхтоўна да нейкага шоў для мясцовага тэлебачання – таму што сабралі там журналістаў мясцовага тэлеканалу і раённай газеты. Там быў іншы прыём грамадзянаў, які вёў кіраўнік горада. Далі каманду заходзіць па аднаму, я думаў, што гэта сустрэча кіраўніка горада асабіста з галадоўнікамі, у тым ліку і са мной. Але, не, гэта было як прыём. Асноўная мэта іх была – пераканаць, што мы не маем рацыі, што мы, калі трэба, знойдзем працу на іншым прадпрыемстве.
На што Мікалай Жыбуль адказаў, што працаваў на Бабрускім заводзе на працягу 30-гадоў і не збіраўся мяняць працу, хоча каб яго аднавілі і дэманстратыўна сыйшоў з прыёма ў кіраўніка горада.
Акрамя таго, па меркаванню ўладаў, працоўных да галадоўкі падбухторвае Міхаіл Кавалькоў. Старшыня Бабруйскага гарвыканкама Андрэй Каваленка працягвае не заўважаць праблемы галадоўнікаў і падцвердзіў, што іх ніхто на заводзе аднаўляць на працы не будзе.
* * *
Нягледзячы на прапанову сысці з незалежных прафсаюзаў, каб захаваць працоўныя месцы, работнікі Бабруйскага завода трактарных дэталёў і агрэгатаў не сталі гэтага рабіць і цяпер галадаюць, каб адстаяць сваё канстытуцыйнае права на працу. Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук лічыць, што такім чынам працоўныя адстойваюць не толькі свае асабістыя гонар і годнасць, але і ўсіх працоўных у Беларусі.
– Я для сябе лічу наогул справай гонару мець дачыненне да гэтых людзей у Бабруйску, якія ажыццявілі акцыю ў выглядзе галадоўкі. Калі нялюдскі рэжым ставіць рабочых перад такімі ўмовамі: ці прафсаюз – ці праца, то мы заўсёды рэкамендуем – выходце з прафсаюза. Знаходзяцца людзі, якія гэтага не робяць, для якіх пачуццё ўласнай годнасці значна вышэй, чым рабочае месца.
Аляксандр Ярашук заклікаў працоўных спыніць галадоўку, бо сваю мэту – прыцягненне ўвагі да іх сітуацыі – яна ўжо выканала. Аркамя таго напярэдадні адзін з галадоўнікаў Генадзь Лабачоў быў вымушаны перапыніць акцыю па стане здароўя. Удзельнікам галадоўкі пагражае штраф за правядзенне несанкцыянаванай акцыі ў памеры да 30 базавых велічынь – гэта чатыры з паловай мільёны рублёў.
* * *
Былыя рабочыя Бабруйскага завода трактарных дэталяў і агрэгатаў Мікалай Жыбуль, Алег Шаўчэнка, Аляксандр Варанкін і Аляксандр Грамыка працягваюць змагацца за аднаўленне на працы. 5 лістапада яны абвясцілі галадоўку ў будынку Бабруйскага гарвыканкама, патрабуючы выканання канстытуцыйнага права на працу. На былых працоўных Бабруйскага завода цяпер могуць скласці адміністрацыйныя пратаколы за незаконнае пікетаванне. Пра гэта паведаміў намеснік старшыні Беларускай канфедэрацыі незалежных прафсаюзаў Сяргей Антусевіч, які напярэдадні наведаў працоўных:
– Як вядома, галадоўка па беларускім заканадаўстве прызнаецца адной з формаў пікетавання, на якую таксама трэба падаваць заяўку. Мы заклікалі гэтых людзей спыніць галадоўку, таму што сваю ролю яна выканала, галадоўка прыцягнула вялікую ўвагу як унутры краіны, так і па-за яе межамі.
Напярэдадні, па словах Аляксандра Варанкіна, з усімі чатырма ўдзельнікамі акцыі па чарзе гутарыў падпалкоўнік міліцыі Сяргей Рудзько, які на мінулым тыдні выганяў працоўных з будынка гарвыканкама. „Ён пытаўся, чаму мы пачалі гэтую акцыю, з якой мэтай. Патлумачылі, што галадоўка праводзіцца ў сувязі з незаконным звальненнем”, – паведаміў Аляксандра Варанкіна.
* * *
Былыя працоўныя Бабруйскага завода трактарных дэталяў і агрэгатаў 12 лістапада сустракаюцца з уладамі гораду, каб атрымаць ад іх адказы на свае пытанні і магчыма аднавіцца на працы, адкуль, на іх думку, іх звольнілі незаконна за прыналежнасць да незалежных прафсаюзаў. Пратэстуючы супраць такога рашэння Мікалай Жыбуль, Алег Шаўчэнка, Аляксандр Варанкін і Аляксандр Грамыка зладзілі галадоўку ў будынку Бабруйскага гарвыканкама. Старшыня Беларускай партыі працоўных Аляксандр Бухвостаў падтрымлівае акцыю галадоўнікаў:
– Мы накіравалі ліст старшыні гарвыканкама з пратэстам супраць дзеянняў улады ў адносінах да гэтых работнікаў, якія галадаюць. І з катэгарычным пратэстам супраць дзеянняў дырэктара гэтага прадпрыемства Аграновіча, які ў парушэнні канстытуцыйных нормаў і працоўнага заканадаўства звольніў гэтых работнікаў.
На думку Аляксандра Бухвостава, сітуацыя вынікае з кантрактнай сістэмы, якая дазваляе абыходзіцца з рабочымі, як з рабамі. Працадаўца можа бесперашкодна пазбавіцца непажаданых для яго працаўнікоў.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя