Аляксандр Бухвостаў: Сёння незалежныя прафсаюзы працуюць на перспектыву



Днямі ўлады адмовілі ў рэгістрацыі двум пярвічным арганізацыям Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці, аднак прафсаюз РЭП працягвае шматгадовае змаганне за легалізацыю сваіх структураў. Якую вагу сёння маюць незалежныя прафсаюзы ў грамадстве і сярод працоўных? Што трэба, каб яны сталі рэальнай сілай? Аб гэтым разважае прафсаюзны актывіст Аляксандр Бухвостаў.

Аляксандр Бухвостаў: Як ні сумна казаць, але сёння незалежныя прафсаюзы граюць вельмі нязначную ролю, таму мы працуем на перспектыву. Трэба захаваць цэнтры незалежнага руху, бо зараз вельмі складана працаваць на прадпрыемствах. Паўсюль сур’ёзныя рэпрэсіі.

РР: А ці ёсць рэальны ўплыў незалежных прафсаюзаў на прадпрыемствах?

Аляксандр Бухвостаў: Можа быць, толькі на двух-трох. Там, дзе дастаткова вялікія арганізацыі. На астатніх прадпрыемствах проста ёсць нейкія групоўкі людзей, якія выказваюць пратэст супраць існуючых парадкаў і ўступаюць у прафсаюз… Аднак, паўтаруся, пачынаюцца пераследы, таму такія групоўкі не павялічваюцца, а скарачаюцца.

РР: Сёння рабочы можа абараніць свае правы?

Аляксандр Бухвостаў: Можа, калі сам захоча. Але ж дзеля гэтага трэба аб’ядноўвацца, а многія гэтага не хочуць. Сіла прафсаюзаў не тады, калі іх збіраюць зверху, а калі людзі самі арганізоўваюцца на абарону правоў. Магчыма, настане час, калі народ прыйдзе да гэтага і вось тады важнымі стануць менавіта цэнтры незалежных прафсаюзаў, якія б падтрымалі нізы. Вось такія цэнтры мы і захоўваем.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя