Аляксандр Бяльчук: Маю гаспадарку нішчаць наўмысна
Уладальніка вялікай прыватнай гаспадаркі Аляксандра Бяльчука з вёскі Арлянка Маларыцкага раёна забіраюць на адсідку трох месяцаў арышту.
Незаконна быў зацягнуты разгляд яго касацыйнай скаргі ў Берасцейскім абласным судзе. Калі б касацыйная скарга была разгледжана на працягу месяца, як таго патрабуе закон, а не праз тры, то на веснавыя работы Аляксандр Бяльчук ужо вярнуўся б. Яго справа ляжыць у старшыні абласнога суда. Бяльчук звярнуўся да пракурора Маларыцкага раёна з просьбай адтэрмінаваць выкананне рашэння. 25 красавіка даслаў тэлеграму на імя кіраўніка дзяржавы з гэткай жа просьбай, кажа Аляксандр Бяльчук:
– Агуркі пачаліся. Кароў трэба выводзіць на кругласуткавую пашу, даіць трэба, пасяўная пачалася. Карацей, працы вельмі шмат! Прасілі адтэрмінаваць выкананне рашэння. Але яны ўсё робяць для таго, каб знішчыць гаспадарку. У мінулым годзе забралі менавіта ў разгар сезону. І зараз тое ж самае. Мяне маглі забраць даўно, але ж дачакаліся вясны. А гэта касавіца, сена, усё прападзе. Яны імкнуцца знішчыць падсобную гаспадарку.
Аляксандр Бяльчук павінен адбыць арышт за тое, што бараніў 9 траўня 2014 года на прыватным двары свой самаробны трактар, які хацела забраць міліцыя і ў прыватнасці капітан ДАІ Берасцейскага РАУС Сяргей Неліповіч.
Трыццацігадовы капітан, па словах Бяльчука, сымітаваў сваё збіццё і звярнуўся ў суд.
Амаль месяц з трох Бяльчук адседзеў у мінулым годзе.
Беларускае Радыё Рацыя
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле.