Аляксандр Быстрык: Ніколі ўлада яшчэ так не палохалася і не паказвала сваю слабасць



У горадзе Наваградку гэтую асобу ведаюць усе: былы дырэктар гарадской школы №5, сталы сябра БНФ, гісторык з прынцыповай пазіцыяй ва ўсім. Таму ў першую чаргу гараджане давяралі вынікам галасавання на тым участку Наваградка, дзе старшынёй з`яўляўся наш сённяшні Госць Рацыі Аляксандр Быстрык. Са спадаром Быстрыкам пагутарым пра тое, якія яны, выбары ў Беларусі.

РР: Вы былі сведкам шматлікіх выбарчых кампаній у Беларусі, з 1994 года і далей, якая вам кампанія запомнілася больш і якая кампанія самая правальная? І як вы ацэньваеце сёлетнюю?

Аляксандр Быстрык: Што цяпер ужо гаварыць пра 1994 год. Самая галоўная магчымасць, мне здаецца, згубленая ў самым пачатку. Трэба было прагназаваць развіццё сітуацыі ў адносінах да асобы абранага прэзідэнта. Ну таму што ўсе спадзяваліся, што хлопец з вёскі пабудзе-пабудзе… Ну а хлопец з вёскі не пажадаў расставацца з уладай. Гэта вось прывяло да падзеі і шостага года, і дзясятага года, і асабліва ўжо і дваццатага года. У першыя выбары я быў упэўнены, што Беларусь палітычна не саспела да таго, каб даваць уладу аднаму чалавеку. І таму я не за дзейнага прэзідэнта галасаваў, не за Кебіча, а лічыў, што наш шлях – парламенцкая рэспубліка, дзе будуць сутыкацца розныя думкі, погляды. Ну але гэта не адбылося. І таму спачатку мы згубілі парламент на доўгі час, які меў бы якую-небудзь вагу ў палітычным жыцці. Усё засталося ў руках улады аднаго чалавека, ці нейкай групы. Усялякая ўлада разбэшчвае чалавека, асобу, а абсалютная ўлада разбэшчвае абсалютна. Неабмежаваная ўлада – гэта вельмі цяжкае выпрабаванне для любога чалавека. Я не ведаю ў гісторыі хто б цяжар гэтай улады абмежаваў, ці павярнуўся б тварам да народа. Цяпер зноў мы ўступілі ў супрацьстаянне. Ідзе, дарэчы, цяжкі працэс. Гэта нараджэнне нацыі. І вось на вуліцах Менска і другіх гарадоў, маленькіх, заштатных, што казаць Менск і Карэлічы, ці наш знакаміты Наваградак, людзі выходзяць. І гавораць смела пра тое, што турбуе, чым яны не задаволены. Якую краіну, родную, любімую, яны жадаюць бачыць перад сабой. З кожнай выбарчай кампаніяй вынікаюць урокі, вопыт у людзей. Сама ўлада паступова губляе народ. Народ мае сваю масавую свядомасць. Гэтая свядомасць падтрымлівала дзеючую ўладу і 1994 годзе, гэтыя ўсе працэнты перамог. Гады ідуць, вырастае новае пакаленне. І гэтае новае пакаленне мае думкі 21 стагоддзя. Яно становіцца ядром нашай сучаснай беларускай нацыі. Тыя памяркоўныя беларусы, баязлівыя крыху, задаўленыя менталітэтам, традыцыяй, абы ўсё было добра, – іх час забірае. І прыходзяць людзі, якія валодаюць новымі тэхналогіямі, а гэтыя новыя тэхналогіі не могуць бачыць чалавека паднявольным, без ініцыятывы. Новыя тэхналогіі патрабуюць дзейнага чалавека. Вось гэтыя дзейныя людзі сёння выходзяць. Дарэчы, мяне заўсёды радуе, што яны добра размаўляюць на беларускай мове, добра ведаюць ангельскую мову, добра ведаюць сучасны свет інфарматыкі, кампутараў. За імі будучыня. Наперадзе, я думаю, народ пераможа, як бы там не было цяжка. Нас чакае ўсё ж такі светлая будучыня. Як там у Багдановіча: “Беларусь, твой народ дачакаецца залацістага, яснага дня”.

РР: Як вы самі адчуваецца, за каго прагаласаваў Наваградак, і які быў настрой у горадзе падчас выбараў?

Аляксандр Быстрык: Я не ведаю лічбаў на сённяшні дзень. Я толькі ведаю пра свой участак, дзе аддаваў голас. Там разбежка была ў 10 галасоў. Перавага на баку дзеючага прэзідэнта. Роўнасць такая, матэматычная пагрэшнасць. Што рабілася на другіх участках, я не ведаю. Я лічу, што на сённяшні дзень казаць наогул пра дакладныя лічбы немагчыма, яны нікому не вядомыя, нават Ярмошынай…

Цалкам размова:

 З Госцем Рацыі размаўляла Вольга Сямашка.