Аляксандр Быстрык: Забралі яшчэ да экскурсіі



72-гадовы былы дырэктар СШ №5 г.Навагрудка распавёў, за што яго затрымалі ў мінулыя выходныя.

Аляксандр Быстрык: Пасля выбараў я разам са сваімі аднадумцамі пастаянна выходзіў на так званыя нядзельныя прагулкі па горадзе. Так бы мовіць, выказвалі сваю нязгоду з тым, што адбываецца апошнім часам у краіне. Спачатку сілавікі ставіліся да нас больш-менш лаяльна, бо людзей выходзіла шмат, але пайшлі рэпрэсіі і засталіся толькі самыя актыўныя, бо давалі штрафы, выпісвалі “суткі”. Людзі сядзелі ў ізалятарах у Дзятлаве, Карэлічах, Лідзе.

І, дарэчы, гэта жах, што творыцца ў такіх месцах. Людзі, якія там пабывалі, распавядалі, што ў тых жа Карэлічах няма нават сіфонаў на ўнітазах. Без вентыляцыі падвышаецца серавадарод, адзін хлопец за двухтыднёвую адсідку схуднеў на 6 кілаграмаў і атрымаў двухбаковае запаленне лёгкіх. Іншы пасля ізалятара захварэў на каронавірус.

РР: За што вас затрымалі?

Аляксандр Быстрык: За тое, што не патрапіў на экскурсію. Справа ў тым, што апошнім часам нашым гарадскім зборам мы надаем законны характар – купляем у нядзелю квіткі ў мясцовым музеі на экскурсію, ходзім па горадзе і слухаем пра яго гісторыю.

Але ў мінулую нядзелю я нават не дайшоў да месца, ад якога павінна была пачацца экскурсія. Забралі ў міліцыю, затым правялі дома вобшук, але нічога не забралі, і пратакол, як быццам, не склалі. Мабыць, такім чынам вырашылі адбіць ахвоту да экскурсій. Гэта, напэўна, такі псіхалагічны ціск, бо ніякіх падстаў мяне затрымліваць наогул не было.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя