Аляксандр Чахоўскі: Гэта першы такі выпадак у гісторыі



Еўрапейскі вяшчальны саюз (EBU) замарозіў сяброўства „Белтэлерадыёкампаніі” ў арганізацыі. Як тлумачаць у Беларускім фондзе культурнай салідарнасці цяпер БТ не зможа праводзіць нацыянальныя адборы і паказваць дарослае і дзіцячае Еўрабачанне, не зможа весці некаторыя спартовыя трансляцыі, але часовае прыпыненне сяброўства афіцыйнага вяшчальніка ў міжнароднай арганізацыі нясе таксама і каласальныя іміджавыя страты на еўрапейскім рынку.

Відавочна, прымаць такое рашэнне еўрапейскаму вяшчальнаму саюзу было няпроста, кажа выканаўчы дырэктар Беларускага фонду культурнай салідарнасці Аляксандр Чахоўскі:

– Па некаторых пунктах, па якіх парушае статут “Белтэлерадыёкампанія”, можна заўважыць парушэнні і ў Азербайджане, і ў Расеі, і нават у Венгрыі. Яны вельмі хваляваліся і баяліся гэтага прэцэдэнту. Тым больш, што такога дагэтуль ніколі не было. Гэта першы падобны прэцэдэнт. З “Еўрабачаннем” сітуацыя стала зразумелай, таму, калі вяшчальнік мусіў даслаць вось гэтую бязглуздую групу, усё было зразумела і ўсё аб’ектыўна. Але што яны працягвалі рабіць – гэта фактычна быць саўдзельнікамі катаванняў.  

А менавіта БТ транслюе «прызнальныя паказанні» затрыманых па палітычных матывах. І такая практыка ў Еўропе непрымальная, падкрэслівае Аляксандр Чахоўскі. Еўрапейскі вяшчальны саюз таксама па гэтым пытанні чакае тлумачэнняў ад дзяржаўнага беларускага тэлебачання. Пра гэта гаворыцца ў заяве арганізацыі. БТ мае два тыдні, каб накіраваць афіцыйны адказ.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя