Аляксандр Фрыдман: 9 жніўня – адна з мажлівых дат Дня Незалежнасці ў новай Беларусі



У суботу, 3-га ліпеня ў Беларусі ва ўмовах палітычнага крызісу мусіць адбыцца «галоўнае» нацыянальнае свята краіны – Дзень Незалежнасці.

Гэтая дата была прынята на сумна вядомым рэферэндуме 1996 года.

У выніку 3-е ліпеня замяніла ранейшы Дзень Незалежнасці, які адзначаўся 27 ліпеня, ва ўгодкі прыняцця дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі ў 1990 годзе.

Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка паразмаўляла з «Госцем Рацыі» – гісторыкам Інстытута еўрапейскай этналогіі Берлінскага ўніверсітэта Аляксандрам Фрыдманам пра любоў рэжыму Лукашэнкі да «ваенных» дат, а таксама пра тое, у які дзень лепш за ўсё адзначаць Дзень Незалежнасці ў Беларусі.

РР: Спадар Аляксандр, раскажыце пра ваш пункт гледжання, чаму  менавіта 3-га ліпеня было абрана днём незалежнасці Беларусі. Наколькі вайна ўвогуле выкарыстоўваецца ў мэтах пабудовы дзяржавы рэжымам Лукашэнкі?

Аляксандр Фрыдман: Гэта ж старая традыцыя, тое, што абраная гэта дата, – Дзень незалежнасці быў перанесены на 3 ліпеня. Ужо тады было зразумела, што гэта цалкам палітычны крок з мэтай зрабіць вайну галоўным этапам беларускай гісторыі. І пазначыць лукашэнкаўскую Беларусь як спадкаемцаў таго Савецкага саюза, які перамог у Другой сусветнай вайне. Гэта быў цалкам крок, накіраваны на інструменталізацыю. І фактычна тады, менавіта ў другой палове 90-х, у ніякім разе не цяпер, у 2021 годзе, пачаўся рух у гэтым накірунку, каб зрабіць ваенную эпоху асноўным ідэалагічным падмуркам лукашэнкаўскай Беларусі. І сёння гэта фактычна працягваецца, проста выйшла на абсалютна новы этап вайны і ваеннай тэматыкі, хутчэй кажучы, прапагандысцкага выкарыстання гэтай тэматыкі. Гэтага было багата ўвесь лукашэнкаўскі перыяд, пачынаючы з другой паловы 90-х. Але сёння гэтай тэмы стала асабліва багата, бо фактычна для лукашэнкаўцаў – гэта галоўная падзея ў беларускай гісторыі, важны эталагічны падмурак для рэжыму. Таму гэтую тэму яны будуць выкарыстоўваць усё больш і больш.

РР:  А ці ёсць у вас дадзеныя канчатковага спажыўца вось гэтага прадукту – такога дзяржаўнага свята. Наколькі беларусы прымаюць гэтае свята? Ці гэта больш “заходзіць” сілавікам, якія жывуць ваеннай тэматыкай?

Аляксандр Фрыдман: Праблема ў тым, што ў Беларусі ж няма сацыялагічных даследаванняў, яны не праводзяцца, якія б маглі даць зразумелую карціну таго, што адбываецца. Мэтавая група  прапаганды – гэта, безумоўна, тыя так званыя сілавікі і прыхільнікі Лукашэнкі. Гэта так бы мовіць электарат, людзі, якія падтрымліваюць Лукашэнку незалежна ад тых падзеяў, якія адбываюцца ў краіне. На такіх людзей, зразумела, што гэта і разлічваецца галоўным чынам.

Што тычыцца астатняга насельніцтва, зразумела, што рэжым будзе спрабаваць, каб зрабіць усё, каб прапагандысцкі наратыў вайны прасоўваць. Хачу падкрэсліць, што тое, што рэжым распрацаваў, і тое, што рэжым сёння прасоўвае, гэта неўпаўнаважаны малюнак Другой сусветнай вайны, гэта прапагандысцкі наратыў. Яны будуць спрабаваць яго прасоўваць як мага шырэй. Гэта значыць у школе, у гістарычнай адукацыі, ці іншай. І ці гэта атрымаецца? Мне падаецца, што не атрымаецца. Па-першае, гэты наратыў сыходзіць ад рэжыму Лукашэнкі, а стаўленне большасці беларускага насельніцтва да рэжыму Лукашэнкі вядомае. Гэта стаўленне негатыўнае. І тое, што ідзе ад Лукашэнкі  і яго прыхільнікаў, не ўспрымаецца. Па-другое, беларусы сёння куды больш цікавяцца не гістарычнымі падзеямі і мінулым, а тым, што адбываецца сёння ў Беларусі. Таму тэма вайны для большасці насельніцтва, як бы Лукашэнка і яго прыхільнікі не імкнуліся, гэта тая тэма, якая далёкая і асабліва нецікавая. Таму, мне падаецца, гэта не атрымаецца. Гэты наратыў будзе распаўсюджвацца вельмі актыўна ў медыйнай прасторы, але большасць насельніцтва гэты наратыў не ўспрыме.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Аляксандра Фрыдмана