Аляксандр Фрыдман: Сённяшняя прапаганда пераняла савецка-расейскі антысемітызм



Дзяржаўная прапаганда ў Беларусі спрабуе паказаць пратэставы рух як небеларускі. Для гэтага праз Інтэрнэт былі распаўсюджаны чуткі аб яўрэйскім паходжанні і грамадзянстве Святланы Ціханоўскай, Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы.

Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка паразмаўляла з «Госцем Рацыі» – гісторыкам з Інстытута еўрапейскай этналогіі Берлінскага ўніверсітэту Аляксандрам Фрыдманам пра тое, адкуль у дзяржпрапагандзе ёсць месца антысемітызму, якую ролю ў гэтым адыграла Расея і як сапраўды беларусы гістарычна ставяцца да яўрэяў.

РР: Спадар Аляксандр, раскажыце, калі ласка, пра вашыя повязі з Беларуссю і як вы апынуліся ў Дюсельдорфе?

Аляксандр Фрыдман: Я нарадзіўся ў Менску, вырас у Менску. А потым у 2000 годзе разам з сям’ёй перабраўся ў Нямеччыну і з 2000 года я жыву ў Нямеччыне і, так бы мовіць, будую сваю навуковую кар’еру. А пачынаў я ў Беларусі, пачынаў у Менску. І досыць працяглы час, і да сённяшняга моманту займаўся і беларускімі гістарычнымі тэмамі, гісторыя Беларусі. Гэта адзін з накірункаў маёй навуковай дзейнасці, уся гэтая беларуская тэматыка.

РР: А пытанні антысемітызму вы пачыналі распрацоўваць у Беларусі, ці гэта ўжо ў Нямеччыне з’явілася цікавасць да гэтай тэмы?

 Аляксандр Фрыдман: У Беларусі, напрыканцы 90-х гадоў, калі я вучыўся на гістфаку ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, я займаўся яўрэйскай гісторыяй, у розных накірунках. Магчымасці былі досыць абмежаваныя, ужо тады палітыка заглынула гістарычную тэматыку, таму я займаўся яўрэйскай гісторыяй на тэрыторыі Беларусі, лепш кажучы, на тэрыторыі Рэчы Паспалітай 18 стагоддзя. Потым, калі я ўжо перабраўся ў Нямеччыну. Тут у мяне атрымалася магчымасць займацца тымі тэмамі, якімі я заўсёды жадаў займацца. 20 стагоддзем, яўрэйская тэматыка, антысемітызм ва Усходняй Еўропе, прапагандай у аўтарытарным і таталітарным грамадстве. Я займаюся і нацыянал-сацыялізмам і нацысцкімі злачынствамі. Я выкладаю гісторыю Усходняй Еўропы.

РР: Раскажыце, калі ласка, хто былі вашымі настаўнікамі ў Беларусі, хто вас, можа быць, прывёў да габрэйскай тэматыкі. Ці ёсць адрозненні ва ўспрыманні габрэйскай тэматыкі і антысемітызму ў Беларусі і ў Нямеччыне?

Аляксандр Фрыдман: Цяжка сказаць  пра настаўнікаў, бо я да яўрэйскай тэматыкі ў Беларусі прыйшоў сам.  У 90-ыя гады гэтая магчымасць была. Фактычна ніякіх абмежаванняў не было. Тым больш што я займаўся тэмамі, якія з ідэалагічнага боку, нават у другой палове 90-х, нейкімі асаблівымі не з’яўляліся. Я займаўся становішчам яўрэяў у Рэчы Паспалітай у другой палове 18 стагоддзя. Напрыклад, сваю дыпломную працу я напісаў на гістфаку на кафедры гісторыі Беларусі Сярэднявечча і старажытных часоў пад кіраўніцтвам Уладзіміра Емяльянчыка.  Гэта быў вядомы спецыяліст у галіне 18 стагоддзя ў Беларусі. На жаль, памёр. І ўжо досыць даўно. Ён займаўся паўстаннем Касцюшкі. У мяне была цікавасць з прычыны, перш за ўсё, свайго ўласнага яўрэйскага паходжання. І ў мяне ў Беларусі была магчымасць гэтым займацца. Што тычыцца Нямеччыны, то ў Нямеччыне адносіны да гэтай тэмы зусім іншыя. У Беларусі гэта такая экзатычная тэма. Галоўным чынам тыя людзі, якія ў Беларусі займаюцца яўрэйскімі тэмамі, гэта перш за ўсё людзі яўрэйскага паходжання. У Нямеччыне сітуацыя цалкам іншая. Тэмамі, звязанымі з антысемітызмам, з яўрэямі, гэта тэмы, якія трэба лічыць мэйнстрымам, вельмі шмат людзей займаюцца гэтымі тэмамі. Актыўна займаюцца. Гэта перш за ўсё звязана з нямецкім мінулым. Эпохай нацыянал-сацыялізму. Тут, калі я пачаў займацца гэтай тэмай, у мяне ніякіх цяжкасцяў не было. Наадварот, цікавасць да гэтай тэмы вельмі вялікая. Таму я мог плённа займацца і займаюся гэтай тэматыкай.

Цалкам размова:

З Госцем Рацыі, гісторыкам Інстытута еўрапейскай этналогіі Берлінскага ўніверсітэту Аляксандрам Фрыдманам  размаўляла Вольга Сямашка.