Аляксандр Ігнацюк: Сын вадамёт не разбіраў



У афіцыйным Telegram-канале прэс-сакратара МУС Беларусі паведамляецца пра 5 падазраваных у грубым парушэнні грамадскага парадку. Гаворка ідзе пра нядзельную акцыю пратэсту супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў, якая адбылася ў Менску 4 кастрычніка. Тады дэманстрантам удалося «раскамплектаваць» міліцэйскі вадамёт. МУС сцвярджае што падазрае ў гэтым 27-мі гадовага жыхара Столінскага раёна.

Падрабязней кажа журналіст Аляксандр Ігнацюк, пра сына якога — Мікіту імаверна і вядзецца гаворка ў паведамленні МУС:

– У Telegram-чаце я знайшоў паведамленне прэс-службы МУС. Я праглядзеў усе відэа з таго моманту – там яго не было, ён толькі сфатаграфаваўся. Але зразумела, што яму, магчыма, будзе пагражаць артыкул крымінальнага кодэкса. Ён вадамёт не разбіраў. Будуць прынятыя ўсе меры, каб усё было па законе, як бы там не было. Ён не хаваў твар, ён не хаваўся там дзесьці, за кагосьці. Адзінае, што ён зрабіў, – гэта сфатаграфаваўся з гэтай дэталлю.

Мікіту Ігнацюка арыштавалі на 15 сутак пасля таго як у інтэрнэце разляцелася ягонае фота з прыладай, якая нагадвае дэталь ад згаданага міліцэйскага вадамёта. Бацька Мікіты — Аляксандр Ігнацюк непакоіцца пра тое, што пасля выхаду сюжэта пра «раскамплектаваны» вадамёт на адным з дзяржаўных тэлеканалаў, на ягонага сына будуць «вешаць» факт разборкі спецтэхнікі.

Беларускае Радыё Рацыя