Аляксандр Кабанаў: Людзі выходзяць азлобленыя на сістэму



Зараз у Беларусі працягваюцца не толькі арышты і пасадкі па палітычных матывах, а і вызваленні тых, хто ў 2020 годзе першымі атрымаў турэмныя тэрміны.

Адным з такіх шчасліўчыкаў аказаўся „Госць Рацыі”, былы палітвязень, прэс-сакратар Святланы Ціханоўскай Аляксандр Кабанаў, які падзеліцца з нашымі слухачамі сваім турэмным досведам:

РР: Дзе вы сустрэлі дзень вызвалення? У камеры ці, як кажуць у ШЫЗА?

Я выходзіў з ШЫЗА, але на самой справе сярод зэкаў гэта цэніцца. Як кажуць гонар і паважуха, калі чалавек выходзіць з ШЫЗА, значыць ён штосьці з сябе ўяўляе па тых законах, па тых паняццях. Канешне мяне гэта менш за ўсё цешыла, бо больш я туды не планую. Ёсць такі важны момант, мне пашэнціла ў тым плане, што я ШЫЗА быў перад вызваленнем толькі восем сутак – гэта вельмі няшмат. За год майго ўтрымання ў крытай турме ў Магілёве, я ў ШЫЗА ўвогуле не ездзіў ні разу, на мяне былі нейкія акты. Многіх там прымаюць зусім па-іншаму, то бок людзі пачынаюць ездзіць у ШЫЗА пастаянна, не ведаю з чым гэта звязана. Да мяне нейкіх асаблівых прэтэнзій не было. Гэта Магілёў, турма №4, я там сядзеў пад следствам. У мяне склаліся пэўныя ўзаемаадносіны з адміністрацыяй, то бок яны ведалі, хто я такі, я ведаў хто яны такія. Я ведаў ад каго чаго чакаць. Гэта не тое каб дамоўленасць была, мяне адразу папярэдзілі:”Калі ты будзеш сядзець і з турмы праз адваката нічога выходзіць не будзе ў прэсу, то ты будзеш проста сядзець ціха, спакойна і выйдзеш на волю. Калі прыйдзе адвакат і ты штосьці пра рэжым, утрыманне ці пра адносіны з сукамернікамі, няважна што адсюль выйдзе і з’явіцца ў прэсе, то мы табе арганізуем праблемы”. Справа ў тым, што там асабліва распавядаць і няма чаго. Нават калі б і хацелася штосьці расказаць праз адваката на самой справе пра што расказваць. Сядзіш у камеры цэлымі днямі, чытаеш кнігі, гуляеш у шахматы. Я думаю, што прэсу гэта асабліва і не цікавіць.

РР: Калі сядзіш у турме, то там не працуеш, як у калоніі або на „хіміі”?

Не. Ёсць людзі, якіх называюць „абязаннікі”, іх выводзяць на працу. Клеяць капэрты, штосьці яшчэ. Я не ведаю, мяне не выводзілі. Аліментшчыкі ў першую чаргу, тыя што звязаны з запазычанасцямі дзецям, яны ходзяць. Іх вельмі няшмат, можа дзясятак набярэцца на ўсю турму. Астатнія нікуды не выходзяць, толькі на шпацыр раз на дзень, увесь час у камеры.

РР: Што ў камеры робяць цэлы дзень? Не даюць жа ляжаць, матрацы ж забіраюць?

Не, не забіраюць. Усё гэта ў камеры, разаслана. Матрац, як там называюць „вата”, ён ляжыць разасланы. У цябе там усё ёсць, але ляжаць нельга. Пад’ём а шостай гадзіне раніцы і ўсё, да дзесяці гадзін вечара. Сесці пасядзець можаш, пачытаць. Сесці пагуляць, напрыклад, у шахматы, у кагосьці там на ложку можаш, але ляжаць нельга. У гэтым ніякага страху няма.

РР: Як выседзець цэлы дзень у малой камеры?

– Людзі сядзяць па дваццаць гадоў, ні адзін дзень, ні пяць дзён, па дваццаць гадоў сядзяць. Сядзяць неяк, чалавек прызвычайваецца.

РР: Гэта можна прызанаць катваннем?

– Я не ведаю. Я да сябе гэта слова ўжыць не магу. Шчыра кажу, што для мяне гэта не было нейкім там сур’ёзным выпрабаваннем. Я знайшоў, чым займацца – гэта чытаць кнігі, гуляць у шахматы, размаўляць з сукамернікамі, абмеркаванне нейкіх там тэм. Таму час ішоў дастаткова хутка. Калі я толькі прыехаў у турму і кантралёры, якія мяне сустракалі, абшуквалі, паглядзелі дакументы і пабачылі год, то здзівіліся. Туды людзі, якім застаўся год сядзець рэдка прыязджаюць. Туды ў асноўным прыязджаюць па артыкулах, дзе 15-20 гадоў турмы, на тры гады. Тры гады сядзяць, потым зноў едуць у лагер. „Крытая” – гэта пакаранне. Строгі рэжым – гэта пакаранне. Пры гэтым яны мне сказалі, што год – гэта нічога. Я пра сябе падумаў, Божа год сядзець, а вам так проста. А пасля аказалася, што так яно і ёсць. То бок я не заўважыў, як прайшоў першы месяц, другі, трэці. Яны даволі аднолькавыя, але ляцяць вельмі хутка, галоўнае заняць сябе нечым. Усе сукамернікі мне сказалі, што год – гэта ўвогуле драбяза. Калі прайшло паўгоду, то сказалі: „Бачыш, паўгоду праляцела, засталося столькі ж”. Прайшло яшчэ тры месяцы: „Табе тры месяцы засталося – гэта на адной назе прастаяць”. Пасля месяц, месяц і ўсё.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

Беларускае Радыё Рацыя