Аляксандр Кабанаў: Міністр быў у шоку ад тых фактаў, якія мы паведамілі



Актывісты ініцыятыўнай групы, якая выступае супраць завода акумулятарных вырабаў пад Берасцем, сустрэліся з міністрам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэем Худыкам. Сустрэча адбылася ў Дзятлаве на Гарадзеншчыне.

Міністру паведамлена пра тыя парушэнні, якія былі перад пачаткам будаўніцтва завода, а таксама пра шкоду для экалогіі ад гэтага прадпрыемства і завода ў Белаазёрску гэтай жа кампаніі“АйПаўэр”. 

Кажа адзін з прадстаўнікоў ініцыятыўнай  групы, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі, кандыдат у дэпутаты Берасейскага абласнога савета і Бярозаўскага раённага Аляксандр Кабанаў:

– Завод, які будуецца каля Берасця, усе свае адкіды будзе вывозіць на Белаазёрскі завод. Але Белаазёрскі завод па дакументах не мае права іх прымаць і пераапрацоўваць. Мы прывезлі з сабой дакументы пра тое, што экалагічная экспертыза была зроблена ў 2017 годзе ў траўні, а будаўнічы праект быў зацверджаны ў ліпені гэтага ж году. То бок экспертыза рабілася раней праекта. Міністр быў у шоку.

Паводле Аляксандра Кабанава, міністр Худыка запэўніў, што і прэзідэнт трымае гэта ўсё на кантролі. Што на ўсе паднятыя пытанні будуць дадзены падрабязныя адказы.

Супраць будаўніцтва акумулятарнага завода кампаніі “АйПаўэр” сабрана 28 тысяч подпісаў.

Цалкам матэрыял у гукавым фармаце:

Беларускае Радыё Рацыя