Аляксандр Кабанаў – на волі



Толькі ў 19 гадзін 6 сакавіка каардынатар “Маршу недармаедаў” па Берасці Аляксандр Кабанаў выйшаў на сувязь. З вечара 5 сакавіка ён быў забраны з дому міліцыяй, і сувязь з ім практычна спынілася адразу.  Месца  знаходжання актывіста трымалася ў таямніцы. Усе чакалі яго ў Берасці на судзе а 12 гадзіне. Але Аляксандра туды не прывезлі. Ён суткі прабыў у ізалятары часовага ўтрымання ў Бярозе, а потым яго даставілі ў суд Бярозаўскага раёна.

Кажа Аляксандр Кабанаў:

– Гэта больш падобна да нейкай акцыі запалохвання. Уладам не падабаецца, калі ім кажаш праўду. Гэта пужае іх больш за ўсё. Яны не жадаюць слухаць, што пра іх думаюць людзі. Для іх зрабіць крок назад, ліквідаваць гэты дэкрэт немагчыма ў сённяшняй сітуацыі, бо яны адчуваюць ціск грамадства, і пайсці на гэта будзе для іх сведчаннем слабасці. Таму ўлады абралі іншую тактыку: паспрабаваць збіць актыўнасць усіх, хто актыўна ўдзельнічае ў акцыях супраць дэкрэта, каб быў ціск на іх, а людзі, пабачыўшы гэта, каб пачалі баяцца.

Аляксандр Кабанаў дзякуе людзям за падтрымку, запрашае падтрымаць яго ў Бярозаўскім судзе 9 сакавіка а 16 гадзіне. І заклікае людзей не баяцца.

Беларускае Радыё Рацыя