Аляксандр Кабанаў нагадаў выбарчай камісіі пра адказнасць за фальсіфікацыі
Сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі з Бярозы Аляксандр Кабанаў нагадаў пра крымінальную адказнасць за фальсіфікацыю выбараў. Гэта адбылося падчас рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Кабанава ў акруговай і раённай камісіях.
Артыкул пра крымінальную адказнасць не мае тэрміну даўніны, кажа Аляксандр Кабанаў:
— Неабавязкова нават, каб мянялася ўлада. Гэтыя людзі маюць звярнуць увагу на тое, што калі спадару Лукашэнку раптам захочацца паказаць захаду, што ў нас тут лібералізацыя і мы намагаемся рабіць празрыстымі і адкрытымі выбары і для гэтага трэба будзе пасадзіць пару чалавек, ён возьме і пасадзіць. Звяртаю іх увагу на тое, каб яны паводзілі сябе асцярожна і ўсё ж такі дзейнічалі ў межах закона.
Паводле Аляксандра Кабанава, намеснік раённай выбарчай камісіі Аляксандр Крагель паведаміў, што інфармацыя пра гэты артыкул уключана ў метадычныя дапаможнікі ЦВК для раённых і ўчастковых камісіяў. Усе сябры камісій могуць з імі азнаёміцца. Старшыня акруговай камісіі Тамара Карпенка – кіраўнічка “Белай Русі” у Бярозаўскім раёне – адказала, што падумаюць над папярэджаннем, а ці даводзіць да раённых камісій – паглядзяць. З метадычкай не азнаёмілася, лічыць Аляксандр Кабанаў.
Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя