Аляксандр Кабанаў: Сітуацыя з судамі склалася вельмі дзіўная
Берасцейскі блогер Аляксандр Кабанаў распавёў, што кампанія, якая займалася будаўніцтвам у горадзе акумулятарнага завода, падала ў суд іскі на двух актывістаў – Дзмітрыя Бекалюка і Дзям’яна Лепясевіча.
Нагадаем, што ў Берасці актывісты ўжо не першы год пратэстуюць супраць будаўніцтва ў абласным цэнтры акумулятарнага завода. Не так даўно Генеральная пракуратура афіцыйна паведаміла пра затрыманне Віктара Лемяшэўскага, уласніка гэтага прадпрыемства.
Аляксандр Кабанаў: Даведаліся, што ўчора, 15 ліпеня, пачаўся суд па іску кампаніі, якая займалася будаўніцтвам акумулятарнага завода, да Дзмітрыя Бекалюка і Дзям’яна Лепясевіча. Хаця самі яны ніякіх павестак не атрымлівалі. Па нашай інфармацыі, на першым судовыя пасяджэнні акрамя прадстаўнікоў кампаніі нікога не было. Было хадайніцтва прыцягнуць на суд у якасці трэціх асобаў мяне і блогера Сяргея Пятрухіна.
РР: Якія іскавыя патрабаванні?
Аляксандр Кабанаў: У свой час з’явіўся відэароолік “Галоўны гемарой горада Берасця”, і ў кампаніі палічылі, што інфармацыя з гэтага роліка закранае іх гонар і годнасць. Хаця дакладна нічога невядома, нас жа не было ў судзе.
Тут наогул сітуацыя склалася нейкая дзіўная, бо павінны ж былі нас паставіць у вядомасць. Але, наколькі я зразумеў, гэты іск падаваўся яшчэ да таго, як уласніка кампаніі затрымалі. Не выключаю, што зараз суддзі самі не вельмі разумеюць, як сябе далей весці, бо сітуацыя рэзка змянілася. Магчыма, чакаюць каманды зверху, а таму нас пакуль і не тузаюць.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя