Аляксандр Кабанаў: Святлану Ціханоўскую могуць не зарэгістраваць



Прэс-сакратар ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай,  блогер Аляксандр Кабанаў лічыць, што абвінавачванне, якое прад’яўлена Сяргею Ціханоўскаму, – беспадстаўнае, і гэта добра відаць па відэа.

– Першае, што кідаецца ў вочы, гэта перадусім артыкул: арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. У інтэрнэце ёсць шмат відэа, дзе бачна, што гэтыя грамадзяне не парушаюць грамадскі парадак, абсалютна ніяк. Там грамадскі парадак парушае толькі адна жанчына, якая чапляецца да Сяргея Ціханоўскага. А так усё праходзіць мірна, на пазітыве. Другое. Гэта ўсё ж такі пікет па зборы подпісаў ініцыятыўнай групы па вылучэнні Святланы Ціханоўскай кандыдатам у прэзідэнты. Гэта абсалютна законнае мерапрыемства. Гэта ж не нейкі несанкцыянаваны збор людзей.

 

Аляксандр Кабанаў упэўнены, што Святлану Ціханоўскую могуць не зарэгістраваць і перашкоды гэтаму з’яўляюцца штодня.

– Подпісы будзем здаваць, але ў нас вялікая ўпэўненасць, што Святлану не зарэгіструюць. Адкуль упэўненасць? Таму што ў нас практычна кожны дзень супрацоўнікі міліцыі, ва ўсякім разе людзі, якія прадстаўляюцца супрацоўнікамі міліцыі, зрываюць пікеты, затрымліваюць людзей. Па нашых звестках, толькі за апошнія паўтара месяца ў нас было затрымана 277 чалавек чальцоў ініцыятыўнай групы і валанцёраў. Многія зараз знаходзяцца на сутках. Нам спрабуць сарваць кампанію цалкам, але мы ўсё адно будзем збіраць подпісы і падаваць іх.

Аляксандр Кабанаў упэўнены, што нават з перашкодамі ў працы ініцыятыўная група збярэ 100 тысяч подпісаў.

Беларускае Радыё Рацыя