Аляксандр Кабанаў: Трэба выцягваць людзей з турмы



Аляксандр Кабанаў – беларускі блогер, аўтар канала „Народны рэпарцёр”, прэс-сакратар ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай на выбарах у 2020 годзе і былы палітзняволены. Аляксандра затрымалі яшчэ да пачатку масавых пратэстаў у 2020 годзе, ён галадаў і рэзаў вены ў ШИЗО, каб спыніць ціск з боку адміністрацыі калоніі.

Аляксандр вызваліўся ў снежні 2022 года і выехаў з Беларусі. Алеся Вербаловіч пагутарыла з Аляксандрам пра жыццё і эмоцыі чалавека ў турме, а таксама пра будучыню пратэсту:

РР: Як вы сябе адчуваеце? Як бавіце час?

– Адчуваю сябе вельмі добра. Настроены аптымістычна, вялікая падтрымка і разнастайная дапамога. Дзякуй вялікі людзям. Сустрэчы з сябрамі і магчымасць працягваць працу. Я ж не ведаў, калі сядзеў у турме, хто з’ехаў, хто не з’ехаў. Як аказалася практычна ўсе мае знаёмыя і сябры, хто не сядзіць, той з’ехаў. Усе эмігранты аб’ядналіся ў такія дастаткова актыўныя дыяспары. Яны адразу даведваюцца, што дзе, камунікуюць паміж сабой. На мяне выйшлі адны хлопцы і іншыя, ужо ў гасцях шмат у каго пабываў, паразмаўляў. Расказалі як яны жывуць, вельмі рады за іх. Магчымасць працаваць, то бок аднавіў ключ ад канала, сёння зрабіў першае відэа, каб паказаць людзям, што канал будзе працаваць. Планы на працу – гэта ўсё натхняе.

РР: Падзяліцеся планамі на будучыню. Якія планы ў канала?

– Першапачаткова мы хочам зрабіць некалькі рэпартажаў пра гэтыя дыяспары. Мне вельмі спадабалася, што мне хлопцы распавялі, пра розныя ініцыятывы, ёсць мастацтва, гісторыя і ўсё на свеце. То бок мяне гэта так усцешыла, бо я думаў, што толькі праца і больш нічога, усе самі па сабе будуць. Усё не так, хацелася б гэта данесці людзям. Таксама мяне вельмі цікавіць, як у Еўропе дзейнічае сістэма правасуддзя, як тут працуе паліцыя, як да іх ставяцца людзі. Плюс медыцына, сацыялка, адукацыя, то бок мне хацелася б паглыбіцца ў гэта. Не проста паразмаўляць з людзьмі, але і трапіць туды ўнутр. Плюс мы хочам аднавіць сувязі з падпісчыкамі, каб у нас была інфармацыя па Беларусі, па ўсіх гэтых прыдуркаватых камісіях, якія яны зараз прызначаюць. Расказваць людзям, пастарацца данесці максімальнай колькасці не толькі беларусаў, але і ўкраінцаў ды расейцаў, што такое Беларусь насамрэч, што такое Лукашэнка. Я напісаў заяву на далучэнне да Каардынацыйнай Рады, каб быць бліжэй да падзей. За мяне прагаласавалі і выбралі. То бок я яшчэ буду неяк там удзельнічаць. Мяне больш за ўсё на цяперашні момант непакоіць вызваленне палітвязняў. Зразумець усе механізмы, якія ўвогуле існуюць, як іх спрабуюць рэалізаваць, то бок унікнуць у гэтую праблему, каб як найхутчэй выцягваць людзей з турмы.

РР: Раскажыце пра інфармацыйны вакуум у турме. Як вы перажылі 2020 год?

– Нейкая інфармацыя паступае, але яна вельмі сціснутая, часта непраўдзівая. Зразумела, што поўнай карцінкі і разумення таго, што адбываецца няма, бо інфармацыя абрэзана цалкам. У 2020 штосьці прыходзіла, асабліва жнівень-верасень, яшчэ прыходзілі нейкія газеты, але пасля рэзка ўсё абрэзалі. У СІЗА, калі я быў на Валадарцы, быў тэлевізар, я там паўгода прабыў, а пасля ўжо ўсё, не было ні тэлевізара, ні радыё. Штосьці можна было даведацца толькі праз адваката. Самі разумееце, што навіны толькі афіцыйныя. Яна не магла па нейкіх сайтах „палазіць”, якія прызнаныя экстрэмісцкімі, каб сябе не падставіць і мне несці гэта ўсё. Яна брала афіцыйныя крыніцы, несла мне, а я ўжо з кантэксту разумеў, што адбываецца.

РР: Якія ў Вас былі думкі адносна таго, што адбываецца? Ці было расчараванне?

– Не, расчаравання ніякага не было. Быў нейкі боль напэўна, боль за людзей, у тым плане, што і даводзіцца перажыць. Такі момант, адзін час прыходзіла шмат лістоў, дзе людзі пісалі мне: „Вы сапраўдны герой”. А ты сядзіш у гэтай камеры, нічога не робіш увогуле, грызеш арэшкі, п’еш гарбату і думаеш, які ты да чорта герой!? Вось тыя, хто там цяпер, яны героі. Быў нейкі такі дысананс. Непрыемнае адчуванне, бо мы нічога не зрабілі, а вы робіце нейкую важную справу. Мы проста сядзім за кратамі і нічым, на жаль, не можам дапамагчы. Таму ў мяне расчаравання ніякага няма. Ёсць разуменне, што яно ў прынцыпе, як усё адбылося, яно па ідэі і павінна было так адбыцца. Па іншаму, на жаль, як ні страшна, але па іншаму не бывае. Мы былі да гэтага не гатовыя. У нас не было ні тых, хто гатовы ўзяць уладу, ні тых, хто гатовы яе забраць, ні такіх супольных нацыянальных лідараў у якіх была б нейкая праграма, як гэтую ўладу забраць. Ніякага ўздзеяння на сілавікоў, плюс фактар Расеі, дастаткова моцны, ён можа нават і вырашальны. Гэта ўсё канешне паўплывала вельмі моцна. Плюс прамытыя мазгі ў нашых АМАПаўцаў, там жа супер адбор адбываецца. Было разуменне, што яны ўладу не аддадуць, яны будуць душыць танкамі, пуляць ракетамі, але не аддадуць. Спадзяванняў, што я праз тры месяцы выйду і тут будзе новы прэзідэнт, тут будзе новая ўлада, спадзяванняў такіх не было ўвогуле. Я разумеў, што ўсё гэта скончыцца вельмі дрэнна.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

На канале „Народны рэпарцёр”, праз які шмат хто ведае Аляксандра, зараз 42 тысячы падпісантаў, а самае папулярнае відэа набрала больш за мільён праглядаў. Неўзабаве, абяцае Аляксандр, на канале зноў пачнуць з’яўляцца відэа на актуальныя для беларусаў тэмы.

Беларускае Радыё Рацыя