Аляксандр Камароўскі: І армія хворая, і грамадства…
Сузаснавальнік аргкамітэта па стварэнні аб’яднання “Абаронцы Айчыны” і былы “афганец” Аляксандр Камароўскі распавядае пра тое, чаму сёння “праблемы арміі – гэта праблемы ўсяго грамадства”.
Трагічны выпадак з салдатам у вайсковай часці ў Печах выкрыў не толькі праблему асобнай часці, але і ўсёй беларускай арміі ў цэлым.
Аляксандр Камароўскі: У нас усё беларускае грамадства хворае. Пачынаючы з тых чыноўнікаў, якія самі ствараюць праблемы, а затым стараюцца іх вырашыць, і заканчваюца алкашамі ля майго пад’езда. А што такое армія? Гэта частка грамадства. Гэта ж не цалкам закрытая ўстанова, дзе пра мясцовыя парадкі зусім ніхто не ведае. Таму ў трагедыі вінаваты і армейскія начальнікі, пад носам у якіх яна і адбылася, і сем’і, дзе растуць маладыя людзі, што лічаць жорсткасць нормай жыцця. У нас жа не толькі ў арміі самагубствы і забойствы – практычна кожны дзень такія выпадкі здараюцца і на “грамадзянцы”.
РР: Але ж гэта, відаць, не апраўдвае армейскае кіраўніцтва ад трагічных выпадкаў у іх гаспадарцы…
Аляксандр Камароўскі: Безумоўна, калі вам маці аддала ў армію здаровага сына – такім жа яго і вярніце. Зараз пайшоў рэзананс, армейскае ведамства стала больш адкрытым з нагоды трагічнай гісторыі. Але ж былі выпадкі, калі асобныя факты замоўчваліся. І гэта ізноў-такі пераносіцца на армію з грамадства. Чыноўнікі не заўважаюць людзей. Улада зараз у некалькі разоў горшая, чым была пры Саюзе. Тады праўду ў райкаме партыі можна было знайсці і хутка вырашыць праблему, а зараз адны адпіскі. Тое самае і ў арміі.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя