Аляксандр Камароўскі: Расейцы павінны задумацца
У нашай студыі пабываў старшыня арганізацыйнага камітэта па стварэнні руху ветэранаў баявых дзеянняў “Абаронцы айчыны” Аляксандр Камароўскі, які распавёў пра сваё бачанне канфлікту ва Украіне.
РР: Ці чакалі вы, што так павернецца сітуацыя, што пачнецца вайна на ўсходзе Украіны?
Аляксандр Камароўскі: Трэба сказаць наўпрост, што грамадзянская вайна ва Украіне, якая зараз ідзе поўным ходам, гэта зрабіла агрэсіўная палітыка Расеі і асабіста Уладзіміра Уладзіміравіча Пуціна. Таму ўся адказнасць на сённяшні дзень павінна ляжаць менавіта на расейскім баку. Мне было зразумела, як вайскоўцу, калі пачаўся ціхі захоп Крыма, то ўжо стала зразумела, што Расея прыняла такое не зусім правільнае рашэнне, гнюснае можна нават сказаць у адносінах да брацкай краіны Украіны. Украіна і Расея – гэта брацкія краіны, яны стагоддзямі жылі ў міры і згодзе, а тым больш Украіна – гэта цэнтр праваслаўя, цэнтр нашага славянскага свету. Здрадзілі вайскоўцы Украіны, якія дазволілі ўласна здаць Крым без бою. Мы, ваенныя людзі канешне не вітаем гэта і лічым, што адказнасць павінна ляжаць на некаторых дзяржаўных асобах, былых дзяржаўных асобах Украіны, яны Крым павінны былі абараняць. Калі б яны Крым абаранялі так, як належыць абараняць тэрытарыяльную цэласнасць сваёй роднай краіны, то не было б сёння ўсіх тых непрыемнасцяў паўднёвага ўсходу. Проста трэба было, як кажа таварыш Пуцін, калі аднойчы пра Чачню казаў, што трэба “мачыць, мачыць і мачыць” гэтых “зялёных чалавечкаў” і ўсё. Быў бы мір і спакой на сённяшні дзень, і не гінулі б людзі ні з боку Расеі, ні з боку Украіны. То бок момант упушчаны з вайсковага пункту гледжання, ну а цяпер мы канешне таксама лічым, што гэта найвялікшае вайсковае злачынства расейскага боку, падтрымліваць гэтую братазабойчую вайну, яе трэба тэрмінова спыняць. Паколькі расейскі бок з’яўляецца віноўнікам – гэта адназначна віноўнік усёй гэтай гнюснай эпапеі, таму ўсе гэтыя фінансавыя выдаткі павінны ляжаць на баку Расеі. Але гэта ўжо справа ўкраінскага боку, як там праз міжнародныя суды, ці як яны там будуць вырашаць. Мы тут, як кажуць, ім не памочнікі, мы можам мець толькі нейкую сваю грамадзянскую пазіцыю і агучваць тую ці іншую думку.
РР: Як аўганцы Беларусі глядзяць на тое, што на ўсходзе Украіны аўганцы часта ваююць адзін супраць другога?
Аляксандр Камароўскі: Аўганцы ці не аўганцы, ветэраны баявых дзеянняў, робочыя ці сяляне, студэнты і г.д., кожны чалавек мае сваю асабістую пазіцыю, ён можа падтрымліваць і адзін бок, можа падтрымліваць і другі бок. Ва ўкраінскай братазабойчай вайне мы асабіста падтрымліваем кантакты. Ёсць нашыя баявыя таварышы і на адным баку і другім баку – гэта як на кожнай грамадзянскай вайне, і Украіна не з’яўляецца выключэннем. Не можа быць адназначна, што беларускія аўганцы толькі за Расейскі бок, ці толькі за ўкраінскі бок, у Беларусі канешне прысутнічаюць розныя меркаванні. На мой погляд больш людзей у Беларусі ўсё ж такі падтрымлівае законную ўкраінскую ўладу. Не павінна была Расея арганізоўваць вось гэтую братазабойчую вайну ў цэнтры славянскага свету, у самой Расеі маса праблемаў. Мы таксама маем вельмі добрыя кантакты з расейскім бокам, з нашымі пабрацімамі, з якімі ваявалі, служылі і г.д. Мы ведаем, якія вялізныя праблемы ёсць у Расеі, тым больш я сам расеянін, 32 гады там пражыў і служыў, навучаўся там і г.д. Узяць раёны поўначы, раёны Дальняга Усходу, там увогуле страх і жах, што творыцца. Аўганцы маюць розную пазіцыю, але больш людзей на баку законнай украінскай улады, якая б яна не была маладая і недасведчаная, але яна ўлада і цэласнасць дзяржавы, цэласнасць народа заўсёды павінна падтрымлівацца. Не выключаны і ў Беларусі падобныя нюансы, я асабіста падтрымліваў бы цэласнасць дзяржавы. Вось калі зараз якія-небудзь адмарозкі створаць брыгаду і захочуць аддзяліць Магілёўскую Народную Рэспубліку і далучыць да Расеі, я катэгарычна супраць, краіна ёсць і павінна быць цэласнай і незалежнай дзяржавай. Тут я канешне павінен заўважыць, што цалкам падтрымліваю прэзідэнта Лукашэнку ў гэтым пытанні. Якія б саюзніцкія абавязацельствы не былі ў яго з Расеяй, але ён на сённяшні дзень з’яўляецца гарантам незалежнасці нашай дзяржавы.
РР: На колькі верагодна, што ў Беларусі паўторыцца такая ж самая сітуацыя, калі беларускія спецслужбы, вайскоўцы за лепшыя заробкі і кватэры пяройдуць на бок Расеі?
Аляксандр Камароўскі: Могуць, канешне не выключана, што і ў Беларусі можа быць падобная сітуацыя. Я асабіста лічу, што такога бязладдзя, як ва Украіне ў Беларусі ўсё ж не будзе. Не будзе таму, што Аляксандр Лукашэнка асабіста адсочвае ўсю расстаноўку кадраў, не дарма ж ён перыядычна мяняе, каб людзі доўга не затрымліваліся на гэтых пасадах, не абрасталі гэтымі сваімі сувязямі. Робячы ракіроўку, якую робіць зараз Лукашэнка, вельмі правільна ўсё робіць, то бок ён маментальна абрубае гэтыя канцы прызначаючы новага чалвека. Новы чалавек прыходзіць і канешне далей дапрацоўвае гэтую тэму і ўжо тых жа прыбірае, старых сваіх як бы перастаўляе. Вось такая ўвесь час ідзе праца і яна ў суме канешне станоўчая для бяспекі дзяржавы. Калі разглядаць мінулыя справы дыктатараў – Сталіна, Гітлера, яны ж таксама рабілі ракіроўку кадраў увесь час, не дазвалялі здзейсніць вайсковы пераварот.
РР: Вяртаючыся да тэмы вайны на ўсходзе Украіны, то прыходзяць паралелі з вайной у Аўганістане. Ці прыйдзе час, калі расейскае грамадства запытае: „Навошта такія ахвяры, за што”?
Аляксандр Камароўскі: Колькасць трунаў заўсёды вызначае свядомасць нацыі – гэта простая аксіёма, якая не патрабуе доказаў. Пасля захопу Крыма адбыўся ўсплёск прапуцінскай актыўнасці – 86%, там можа ўладных рэсурсаў 10-15%. Насамрэч нават я размаўляючы са многімі сябрамі ў Расеі, насамрэч аўтарытэт Пуціна падскочыў уверх на той момант. Але цяпер, калі па дадзеных расейскіх журналістаў недзе каля 2 тысяч загінуўшых расеянаў на сённяшні дзень, і колькі б не маўчалі пра пахаванні гэтых людзей, многія яшчэ не пахаваныя, многія недзе зніклі без вестак, але былі пахаванні і расейцы пачалі задумвацца. Я зараз і па „Аднакласніках” гляджу, і па тэлефонных размовах, многія людзі пачалі задумвацца і аўтарытэт Пуціна пайшоў уніз. Два тыдні таму праходзіў „Марш міру” ў Маскве, і там па падліках незалежных крыніц было недзе каля 60-70 тысяч, якія выйшлі на „Марш міру”. Выйшлі гэтыя людзі не проста так, а выйшлі з-за Украіны. Гэта людзі якія выйшлі, а мільёны людзей не мелі такой магчымасці, але ў людзей ужо пачалі з’яўляцца думкі супраць вайны, супраць палітыкі Пуціна, супраць палітыкі тых дэпутатаў, якія ў Дзяржаўнай Думе галасавалі за ўвод расейскіх войскаў – гэтыя дэпутаты ўжо пачалі здзяйсняць злачынствы, бо з 86 дэпутатаў толькі 1 чалавек прагаласаваў супраць увода расейскіх войскаў на тэрыторыю Украіны. Гэта пра што кажа? Гэта кажа пра тое, што дэпутацкі корпус, як і маса расейскіх чыноўнікаў высокага ўзроўню, яны карумпаваныя да мозгу касцей. Баючыся страціць сваё цёплае месца ён галасуе, хаця ў душы разумее, што вайна – гэта дрэнна, вайна разбурыць не толькі наш славянскі свет, Расею, але і ўвогуле ўсё становішча былых савецкіх рэспублік – гэта вельмі дрэнна, многія яшчэ не да канца разумеюць у што ўмяшалася Расея з гэтым украінскім канфліктам. Не трэба забываць, што гэта краіна з насельніцтвам 46 мільёнаў чалавек – гэта не Грузія. Няхай там 20-30% выступяць супраць Расеі, але ўлічваючы ўсе тыя негатывы, што яны знаходзяцца ў канфлікце з Паўночным Каўказам, расеяне зноў праз Крым закранулі мусульман, бо крымскія татары праўдзівыя гаспадары дадзенай тэрыторыі, якія пражывалі там стагоддзямі. Не дарма на мой погляд і цяпер прайшла серыя тэрактаў на Паўночным Каўказе, я думаю, што гэта ўсё звязана і з украінскай вайной, і з ціскам на крымска-татарскае насельніцтва. Мне падаецца, што актыўнасць антырасейскіх настрояў будзе ва ўсім свеце, асабліва ад украінскага насельніцтва і мусульманаў. Расейцы павінны задумацца, што ў іх пачынаецца не салодкае жыццё.
Былы „аўганец” на працягу апошніх гадоў адзіны з нешматлікіх афіцэраў, які выступае супраць дыктатуры, парушэнняў правоў чалавека. Прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці, знаходзіўся пад пагрозай крымінальнага пераследу.
Беларускае Радыё Рацыя