Аляксандр Канеўскі: Калі яны білі, то ў іх вачах было задавальненне
“Калі яны білі, то ў іх вачах было задавальненне”, – так распавёў пра сваё затрыманне жыхар Гомеля Аляксандр Канеўскі.
Мужчыну выпусцілі на волю, хоць напярэдадні пакаралі яго адміністрацыйным арыштам. Аляксандр Канеўскі дзеянні супрацоўнікаў Савецкага РАУСа расцэньвае як катаванні.
– Мяне ўдарылі па назе, пасля чаго я ўпаў на калені. Пасля ўдарылі ззаду нагой. Я ўдарыўся аб сцяну. Пасля чаго мяне правялі ў пакой і сказалі сядзець ціха на крэсле пасярод пакоя. Пасля чаго нечым мягкім ударылі па галаве і я практычна выключыўся. Я не ведаю, як не згубіў прытомнасць, але я застаўся сядзець. Я бачыў, як загараліся агнём вочы гэтых людзей. Яны рабілі тое, што ім падабаецца.
Паводле неафіцыйнай інфармацыі, з 9 жніўня ў Гомелі было затрымана каля 700 чалавек.
Беларускае Радыё Рацыя