Аляксандр Канюк: Некаторыя ўжо страцілі інстынкт самазахавання
Некаторыя службовыя асобы ў мясцовых органах улады страцілі інстынкт самазахавання. Такое меркаванне 5 снежня на пазачарговым пасяджэнні Магілёўскага аблвыканкама па пытаннях барацьбы з карупцыяй у органах мясцовага кіравання выказаў генеральны пракурор Беларусі Аляксандр Канюк.
Удзел у пазачарговым пасяджэнні Магілёўскага аблвыканкама па пытаннях барацьбы з карупцыяй у органах мясцовага кіравання прынялі кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава, генпракурор Аляксандр Канюк і старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі Валерый Вакульчык. „Не ўсе кіраўнікі органаў і арганізацый правільна разумеюць патрабаванні Прэзідэнта аб выкараненні карупцыі, здольнай падарваць аснову любой дзяржавы. Гэта адносіцца і да тых, хто сам учыняе карупцыйныя правапарушэнні, і да тых, хто не прымае належных мер па іх папярэджанні”, – сказаў Аляксандр Канюк.
Кіраўнік нагляднага ведамства звярнуў увагу на тое, што да кіраўнікоў мясцовых органаў кіравання і іх намеснікаў прад’яўляюцца асаблівыя патрабаванні. „Вы заўсёды на віду ў людзей, любы ваш няправільны крок будзе вядомы, выклікае грамадскае асуджэнне і падрывае аўтарытэт улады. Таму і патрабаванне з вас асаблівае. Аднак часам узнікае такое пачуццё, што некаторыя не толькі забылі пра маральныя нормы, але і страцілі інстынкт самазахавання”, – адзначыў генпракурор.
На яго думку, карупцыя ўсё актыўней пранікае ў сферу эканамічных адносін, у тым ліку пры арганізацыі і правядзенні закупак. Вынік – неэфектыўнае і неэканомнае расходаванне бюджэтных сродкаў. „Устаноўлены факты неабгрунтаванага абмежавання доступу да ўдзелу ў працэдурах закупак, маніпуліравання конкурснымі дакументамі, неаб’ектыўнай ацэнкі паступіўшых прапаноў. Значная частка такіх парушэнняў звязана з карупцыйнымі і іншымі правапарушэннямі”, – канстатаваў Аляксандр Канюк.
Да негатыўных фактараў эканамічнага развіцця рэгіёна ўдзельнікі нарады аднеслі таксама пратэрмінаваную дэбіторскую запазычанасць у 563 прадпрыемстваў, якая з пачатку года павялічылася на 19 працэнтаў. „Прычына такога становішча – жаданне разгрузіць склады любымі спосабамі, а ў выніку – страта прадукцыі на значную суму. Адгрузіўшы тавары без перадаплаты, кіраўнікі прадпрыемстваў фактычна прадаставілі неабгрунтаваныя прывілеі сваім замежным партнёрам. Не выключана, што ў будучым ім давядзецца плаціць з уласнай кішэні”, – папярэдзіў генпракурор.