Аляксандр Кардзюкоў мае патрэбу ў маральнай падтрымцы
У маральнай падтрымцы і псіхалагічнай дапамозе мае патрэбу берасцейскі палітвязень Аляксандр Кардзюкоў. Да таго ж апошнім часам за кратамі стаў пагаршацца яго стан здароўя.

Прыгадаем, сведка забойства сілавікамі жыхара Берасця Генадзя Шутава асуджаны на 10 гадоў калоніі за супраціў супрацоўніку міліцыі або іншай асобе, што ахоўвае грамадскі парадак. Кажа сястра палітвязня – Марына Парыйчук:
– Ён па-ранейшаму ў магілёўскай калоніі №15. Настрой у яго не вельмі. Можа быць я перастала ў лістах яго падбадзёрваць. Пісаць, што вось-вось, хутка ўжо. Ён заўважыў гэта і напісаў, што мы ўжо не пішам яму, што хутка ўсё скончыцца, напэўна самі зразумелі, што не хутка. Проста мы ўжо не ведаем, што пісаць. Стараюся яму пісаць пра тое, што адбываецца ў сям’і.
Марына Парыйчук звярнула ўвагу, што палітвязні, якія знаходзяцца за кратамі, часам у разы мацнейшыя духам за тых, хто знаходзіцца на волі. Падтрымліваюць сваіх родных і знаёмых, і не губляюць веры, што хутка ўсё скончыцца.
Беларускае Радыё Рацыя
