Аляксандр Храпко: Раней нашыя подпісы проста ігнаравалі



Станоўчы адказ ад Берасцейскага абласнога Савету дэпутатаў атрымалі актывісты партыі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі. Пра гэта паведаміў гарадскі каардынатар БХД Аляксандр Храпко. Актывісты звярталіся ў справе дамовы пра малы памежны рух. Дэпутаты ў сваю чаргу накіравалі запыт у Міністэрства замежных спраў адносна перспектываў гэтай дамовы, – кажа актывіст:

– Мне вельмі спадабаўся іх адказ, што яны станоўча адрэагавалі на подпісы. Таму што ўсе папярэднія пададзеныя подпісы былі праігнараваныя нашымі мясцовымі ўладамі. Мы спадземся, што ў далейшым улады будуць ісці насустрач мясцовым ініцыятывам, або рабіць нейкія крокі насустрач народу.

Згодна інфармацыі, атрыманай з МЗС, у механізме малога памежнага руху маюцца асобныя праблемныя пытанні. Цяпер зацікаўленымі міністэрствамі і ведамствамі праводзіцца праца, скіраваная на стварэнне ўмоваў для рэалізацыі дамовы, – гаворыцца ў адказе берасцейскага абласнога Савета дэпутатаў.

Беларускае Радыё Рацыя