Аляксандр Класкоўскі: Сітуацыя мяняецца і нечакана для вертыкалі
Самаарганізацыя – адна з прыкметных асаблівасцяў акцый супраць Дэкрэта на дармаедства. На пратэстах, асабліва ў меншых беларускіх гарадах, амаль не заўважныя апазіцыйныя лідары. У гэтым сэнсе акцыі параўнальныя да маўклівых пратэстаў, якія прайшлі ў Беларусі ў 2011 годзе. І хоць улады спрабавалі нівеляваць эфекты ад увядзення дэкрэта №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага утрыманства», беларусы паказалі сваю незадаволенасць, – кажа палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі.
– Дэсант Адміністрацыі прэзідэнта высадзіўся ў рэгіёнах. І вось прыдзіце, паплачце нам у камізэльку, можа мы і пашкадуем. Я трошкі ўтрырую. Але пафас такі. Для вертыкалі ў ідэале была б краіна просьбітаў. Але цяпер мы бачым, што сітуацыя мяняецца, ёсць элементы грамадзянскай супольнасці, ёсць імкненне да самаарганізацыі.
Апазіцыя паведамляе пра чарговыя акцыі пратэстаў, якія пройдуць 15 і 25 сакавіка ў Менску і буйных гарадах. Тым часам, па выніках мінулых акцый 18 чалавек ужо выкліканыя ў міліцыю, і на іх складзеныя адміністрацыйныя пратаколы.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя