Аляксандр Класкоўскі: Супраць шэрсці вялікаму беларускаму начальству
Сціплыя паведамленні ў раздзеле „культура” і інфармацыя ў бягучым радку дзяржаўных тэлеканалаў, так афіцыйныя беларускія СМІ інфармавалі пра ўручэнне першай у гісторыі незалежнай Беларусі Нобелеўскай прэміі для беларускай пісьменніцы Святланы Алексіевіч. Але цалкам замаўчаць і ўручэнне прэміі, і банкетную прамову беларускай набелісткі ўсё ж не ўдасца, – мяркуе медыяэксперт Аляксандр Класкоўскі.
– Усё ж такі дзяржаўныя медыі па-рознаму падыходзяць. Я б адзначыў, што “Советская Белоруссия” шырэй чым іншыя выданні дае. Аднак усё адно над усімі дзяржаўнымі медыямі адзін і той жа дамоклаў меч, ёсць засцярога не дагадзіць самаму галоўнаму начальніку, а ён можа цяпер будзе стрымлівацца ад наўпроставых выпадаў, але зразумела, што гэтая прамова Алексіевіч, працяг вось гэтай лініі на крытыку аўтарытарных рэжымаў, гэта, у прынцыпе, супраць шэрсці вялікаму беларускаму начальству.
Напярэдадні Святлана Алексіевіч атрымала нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры. У інтэрнэт-прасторы гучыць заклік сустрэць першага беларускага лаўрэата Нобэля ў аэрапорце. Чакаецца, што Святлана Алексіевіч прыляціць у Менск 15 снежня а палове 5-й вечара.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя