Аляксандр Кот: Што зараз з Ігарам – ніхто не ведае
Гарадзенскі музыка, анархіст і лідар стрыт-панк гурту Mister X Ігар Банцэр чарговы раз змешчаны ў карцар гарадзенскай турмы. За што на гэты раз пакаралі Ігара – не ведае ніхто.
Кажа яго сябра – музыка Аляксандр Кот:
– Пайшла інфармацыя, што не змяніўся ні артыкул, ні эпізод, ні частка артыкула ў якой абвінавачваюць. Пры гэтым учора позна ўвечары мне напісалі, што перадачку яму заносілі, але не атрымалася, не прынялі. Сказалі, што ён у карцары: „Зайдзіце праз тыдзень”. Сёння размаўляў з жонкай, аказалася, што на мінулым тыдні, праўдападобна ў пятніцу, ён атрымаў пяць сутак незразумела за што. Літаральна ўчора ён павінен быў выйсці, ну перавесціся ў звычайную камеру з карцару, але дакінулі яшчэ дзесяць.
Па яго словах, Ігар атрымлівае перадачы, але больш яму патрэбная садавіна і агародніна:
– Па рэчах цёплых, зімовых, наколькі я ў курсе, ужо даўно былі перададзены, яшчэ ў лістападзе. Так яму перадаюць у асноўным кнігі, паколькі чытаць любіць. Наколькі я ў курсе, таксама яшчэ перадавалі яму скетч букі, каб ён там маляваў. Больш упор робіцца ўсё ж такі на перадачкі з ежай, паколькі ён вегетарыянец, а турэмная ежа не асабліва спрыяе здароваму харчаванню. Адпаведна ёсць праблемы, таму яму перадаюць сухафрукты, арэхі ды іншае.
Ігар Банцэр быў затрыманы яшчэ ў кастрычніку 2020 году, калі некалькі міліцыянтаў а 6-й раніцы ўварвалася да яго ў кватэру. Міліцыянты абвінавачваюць актывіста за вулічны перформанс па артыкуле 339 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
За тры месяцы вулічных пратэстаў у жніўні – кастрычніку 2020 году Ігар Банцэр быў тройчы затрыманы людзьмі ў цывільным і адседзеў 18 сутак адміністрацыйнага арышту.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня