Аляксандр Кот: Свабоду трэба заваяваць і за свабоду трэба плаціць
Аляксандр Кот – родам з Пружаншчыны, які 22 гады таму з’ехаў у Канаду. Ён прыслаў зварот да беларусаў, каб у цяжкія часы падтрымаць тых, хто прагне праўды і волі, а таксама падтрымаць кандыдата ў прэзідэнты Святлану Ціханоўскую.
Кажа Аляксандр Кот:
– Свабода – не бясплатна. Свабоду трэба заваяваць і за свабоду трэба плаціць. Чымсьці ахвяравацца. Здабыўшы свабоду, людзі мусяць абараняць яе. Паўсядзённа і нястомна. Існуе ідыёма – калі праўду не казаць, праўда знікне. Сёлетні шырокі народны рух за змены ў краіне пачаўся з праўды, якую агучваў Сяргей Ціханоўскі.
Паводле Аляксандра Ката, слова праўды падхапілі іншыя беларусы і яны цяпер у турме. Усе яны заплацілі за імкненне да свабоды, таму што свабода не бясплатна. Перамога на выбарах Святланы Ціханоўскай стане першым крокам на нялёгкім шляху да свабоды.
Прыводзім тэкст Звароту Аляксандра Ката да беларусаў:
Вітаю Вас, землякі-пружанцы, вітаю з’яднаную каманду кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай! Вітаю Вас, спадарыня Святлана!
Я – Аляксандр Кот, паходжаньнем з вёскі Жадзенне Пружанскага раёну. Там пражыў першыя 17 год свайго жыцця. У 1998-м ня бачачы перспектывы на будучыню мусіў з сям’ёю пакінуць Бацькаўшчыну. Як і 750 тысячаў беларусаў на працягу апошняй чвэрці стагоддзя.
22 гады мы ў Канадзе. У краіне, якую ведае і паважае ўвесь свет менавіта за тое, што яна – краіна для жыцця. Краіна, пабудаваная эмігрантамі, сярод якіх сотні тысячаў беларусаў.
Дзяржава Канада грошы з верталётаў нам не скідвала, але прадаставіла ўсе магчымасці зарабіць іх самым і столькі, колькі нам патрэбна для жыцця, дастойнага чалавека. Свабода, распаволенасць асобы, прыватная ініцыятыва, адчыненасць эканомікі робяць у вольным грамадстве цуд. Ганаруся, што сваёю ўпартаю працаю мы зрабілі пэўны ўнёсак у моц Канады і безумоўна здзейснілі ўсе нашыя мары. Нават самыя ружовыя.
Але застаўся горыч: чаму мая краіна Беларусь ня прадаставіла мне такіх самых магчымасцяў? Чаму мы павінны былі з’ехаць за акіян і будаваць сваю краіну для жыцця там? Мяне шмат разоў пыталі: ”Ну, як Канада?” Заўсёды адказваў: ”Гэта самая-самая лепшая краіна ў свеце. Пасля Беларусі.”
Мы не адмовіліся ад грамадзянства Рэспублікі Беларусь. Маем беларускія пашпарты, права ўдзельнічаць у выбарах у Беларусі. Але за 22 гады гэтым правам ні разу не скарысталіся. З-за бессэнсоўнасці. Чаму – вы ведаеце.
У Канадзе і суседняй краіне ЗША пабудаваны і функцыянуюць свабодныя дэмакратычныя грамадствы. Але якія ахвяры пакладзены на алтар змагання за свабоду й дэмакратыю! На аўтастрадах Паўночнай Амерыкі бачны агромністыя білборды са словамі Freedom is not free – Свабода не бясплатна. Так, з неба яна не падае, і ніхто людзям на талерцы яе не прыносіць. Свабоду трэба заваяваць і за свабоду трэба плаціць, чымсьці ахвяравацца – сваім часам, жыццёвай энергіяй, здароўем. Бывае й жыццямі. І яшчэ тут кажуць. Здабыўшы Свабоду, людзі мусяць абараняць яе. Паўсядзённа й нястомна. Інакшай яна выслізне, знікне, яе скрадуць.
Існуе ідыёма: калі праўду не казаць – праўда знікне. Лавіну спараджае першы маленькі каменьчык. Сёлетні шырокі народны рух за змены ў краіне пачаўся з праўды, агучваемай Сяргеем Ціханоўскім, тымі смелымі людзьмі, што пачалі першымі. Яны першыя й трапілі за краты – заплацілі за тое, што казалі праўду самыя, за тое, што давалі магчымасць выказаць праўду іншым. Зьняволены й шмат з тых, што падтрымалі першых. Такія як пружанцы Юры Бабко, Міхаіл Кісель. Хлопцы, трымайцеся, мы з вамі! Усе яны заплацілі за імкненне да свабоды. Because Freedom is not free. Таму што Свабода не бясплатна. Але яны распачалі народную лавіну.
9 жніўня мы прагаласуем за яе, за свабоду. Мы ўпэўнены ў перамозе, бо нас пераважная бальшыня, і мы гэта бачым. Мы чакаем вынікаў і што, калі 10 жніўня ўбачым, што нашую свабоду за ноч згубілі, адабралі, скралі? Ці мы гатовыя вярнуць праўду, абараніць свой выбар, абараніць свабоду? Мы мусім быць гатовымі. Мы мусім ісці да канца.
Спадарыня Святлана, сёньня Вы – дзіда ваяра, імя якому народ. Народ не сляпы. Народ разумны. Ён ведае, куды і дзеля чаго накіроўвае дзіду. Ідзіце наперад смела. З Вамі людзі. Яны трымаюць сваю дзіду – падтрымліваюць Вас.
Вашая перамога на выбарах, спадарыня Святлана, станецца нашым першым крокам на нялёгкім шляху да свабоды.
Дык наперад! І дапаможа нам Бог!
Жыве вольная квітнеючая нацыянальна адроджаная Беларусь!
Беларускае Радыё Рацыя