Аляксандр Краўчук: Так дзяржава клапаціцца пра людзей з інваліднасцю
Інвалід 2 групы з вёскі Дзевяткі Кобрынскага раёна Аляксандр Краўчук звярнуўся ў Адміністрацыю прэзідэнта і Міністэрства па падатках і зборах са скаргай на адмену ільготаў для пенсіянераў і інвалідаў падатка на зямлю пры абслугоўванні гаражоў.
Інвалід паведамляе, што пры мізэрнай пенсіі па інваліднасці ён не ў стане аплаціць падатак за 13 сотак зямлі пад гаражамі, якімі ён ужо не карыстаецца і прадаць не можа. Кажа Аляксандр Краўчук:
– У 2020 годзе дзяржава адмяніла ільготу на зямлю для абслугоўвання гаражоў для ільготнай катэгорыі грамадзян. За 13 сотак зямлі мне неабходна заплаціць 718 рублёў пры пенсіі 417 рублёў. Акрамя таго, у мяне непаўнагадовая дачка і сын студэнт. Так дзяржава клапаціцца пра людзей з інваліднасцю.
Аляксандр Краўчук звяртаўся ў Кобрынскі райвыканкам з просьбай адмяніць арэндную плату за зямлю, але станоўчага выніку не атрымаў. Зараз чакае рашэння з высокіх інстанцый.
Беларускае Радыё Рацыя