Аляксандр Куваннікаў: На “табачцы” я адзін страйкую
На гарадзенскай тытунёвай фабрыцы з палітычнымі патрабаваннямі далучыўся да страйку яе супрацоўнік Аляксандр Куваннікаў.
На думку гарадзенца, ён не можа трываць тое, што адбываецца ў грамадстве і той гвалт, які робяць “сілавікі”.
– Вось гэтае беззаконне – калі забіваюць і калечаць мірных грамадзян. Сілавікі ладзяць бяспраўе. І тут справа сумлення. Цярпець, чакаць чагосьці лепшага ў мяне ўжо няма сілаў. Я разумею, што працую на кашалькі Лукашэнкі. І аплачваць ім зарплаты, шалёныя прэміі больш няма сілаў.
На думку гарадзенца, яго галоўная падтрымка – гэта падтрымка сям’і:
– Па-першае, ёсць падтрымка сям’і. Гэтага дастаткова. Па-другое, тыя калегі, з якімі я працую, яны ўсе падтрымліваюць. Але па розных прычынах яны не могуць праяўляць такую ж грамадзянскую пазіцыю, таму што хтосьці залежыць ад кватэры “табачкі”. Розныя ёсць фактары. Я нікога не бяруся судзіць. Але падтрымка ёсць. Пасля таго, як я аб’явіў аб страйку, шмат падтрымкі пачуў, – тэлефануюць нават сваякі з Казахстана, з Польшчы тэлефануюць.
Па словах Аляксандра Куваннікава, на прадпрыемстве за ўдзел у страйку яго могуць звольніць па артыкуле, і тады ён не зможа знайсці працу ў Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Сяргея Апановіча