Аляксандр Манцэвіч – герой за кратамі



Асуджаны на чатыры гады калоніі выдавец і рэдактар Аляксандр Манцэвіч заслугоўвае Ордэна Беларушчыны. Я бы стварыў такі ўнікальны беларускі ордэн.

1995 годзе Аляксандр Манцэвіч стварыў «Рэгіянальную газету», гэта назва. Газета распаўсюджвалася ў Маладзечанскім, Вілейскім, Мядзельскім, Смаргоньскім, Астравецкім, Ашмянскім і Валожынскім раёнах. Паўночна-заходняя Беларусь. Частка колішняй гістарычнай Віленшчыны. Чароўны край, які даў беларусам і беларушчыне шмат выбітных асобаў.

Калі я вёў трэнінгі па журналістыцы ў «Беларускім калегіуме», я выкарыстоўваў валожынскую «раёнку», то бок выданне мясцовай адміністрацыі, як антыпрыклад. Я даваў студэнтам хоць які артыкул з першай паласы, а яны смяяліся, спрабуючы разабраць, што ж хацеў сказаць аўтар. Такі быў і застаецца нізкі ўзровень дзяржаўных імітатараў журналістыкі.

Таму «раёнкі» жывуць выключна за кошт рэкламы, якую ім даюць дзяржаўныя прадпрыемствы. І крыху людзі старэйшага веку купляюць, бо абвесткі пра продаж кароваў ці курэй ім прасцей чытаць з паперы.

А побач у кіёску прадавалася «Рэгіянальная газета», якая сама па сабе зарабляла грошы, без датацый. Там і рэклама была прыватная, і людзі куплялі не толькі дзеля абвестак, а каб пачытаць артыкулы журналістаў. Самастойны бізнес-праект, ды яшчэ ідэйна беларускаарыентаваны. У краіне, дзе вядзецца паслядоўная антыбеларуская палітыка.

Цяпер то «раёнкі» могуць выдыхаць, цяпер канкурэнтаў ад «часнікаў» у іх не будзе. Прынамсі, пэўны час. 

Праўда, праз пэўны час і «раёнак» не будзе. Яны само ўвасабленне бессэнсоўнага выкідання грошаў падаткаплатнікаў.

Вось як адгукаецца на навіну пра прысуд былы журналіст «Рэгіянальнай газеты Алег Гаруновіч: «Аляксандру Манцэвічу далі чатыры гады за немагчымае – за дыскрэдытацыю рэжыму Лукашэнкі. Цалкам незразумела, як гэтую банду можна дыскрэдытаваць. Хіба што прыпісваць ёй нейкія чалавечыя якасці».

Цяжка ўявіць колькі чалавек удзячныя Аляксандру Манцэвічу за ягоную «Рэгіянальную газету». Дзяржаўныя раёнкі яны дакладна чытаць не будуць. А маральная і практычная падтрымка ў выдаўца з Маладзечна будзе заўжды.

Гукавы файл:

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя