Аляксандр Матвееў патрабуе пакараць Лукашэнку за бяздзейнасць



Сын жыхаркі Полацка Лідзіі Матвеевай, у якой знайшлі каронавірус, і якая памерла 2 сакавіка ў віцебскай абласной лякарні, падаў заяву ў міліцыю.

Ён патрабуе прыцягнуць да крымінальнай адказнасці Аляксандра Лукашэнку – за тое, што кіраўнік дзяржавы не прыняў належных захадаў па абароне насельніцтва ад небяспечнага віруса. Праз гэта, лічыць Аляксандр Матвееў, памерла яго маці, якая знаходзілася на лячэнні  ў неўралагічным аддзяленні і там захварэла:

– Разумееце, яна мне тэлефануе і кашляе. Я пытаюся: “Што з табой здарылася?” Яна адказвае: ”Бранхіт”. Вось я з ёй звязваўся, а на наступны дзень яна ўжо не брала слухаўку.  Я звязаўся са старэйшым  сынам, які вучыцца ў Віцебску, і ён яе, дарэчы, наведваў. Ніхто ж не ведаў, ніхто не рабіў ніякіх захадаў, і дзе гарантыя, што ён не разнёс гэтую хваробу далей.

Паводле Аляксандра Матвеева, цяпер перад пагрозай заражэння апынуліся ягоныя сваякі, суседкі ягонай маці па лякарні, персанал аддзялення, дзе яна ляжала. Ён не разумее, чаму ў Беларусі не прынялі ахоўныя меры, чаму няма каранціну, як у іншых краінах. Сам ён ужо 5 гадоў як з’ехаў з Беларусі, цяпер жыве ў Францыі, і ў ягоным горадзе Карос мясцовае насельніцтва найстражэйшым чынам пільнуецца каранцінных правілаў, уведзеных уладамі.

 Прыехаць на пахаванне  маці Аляксандр Матвееў не змог. Арганізацыю жалобнай імпрэзы ўзяў на сябе ягоны найлепшы сябар, да якога ўжо наведваліся міліцыянты – спраўдзіць асобу сына памерлай. Аляксандр Мацвееў працаваў адвакатам, і кажа, што ягоная спроба прыцягнуць кіраўніка краіны да крымінальнай адказнасці – гэта заклік да грамадскасці не заставацца абыякавымі ў сённяшніх умовах.

Цалкам гутарка з Аляксандрам Матвеевым:

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск

Фота прадастаўлены Аляксандрам Матвеевым.