Аляксандр Мех: Ніна Марчук была часткай эліты нашага грамадства
40 дзён таму на 69-м годзе перастала біцца сэрца апантанай краязнаўцы з Кобрыньшчыны Ніны Марчук. Вялікі ўнёсак яна зрабіла па вяртанні забытых імён і падзей. Друкавалася ў газетах і часопісах Беларусі, Расеі, Украіны і Польшчы. У друк выйшла больш за 100 яе гістарычных матэрыялаў. Неаднаразова была пераможцам літаратурных конкурсаў “Рэха Берасцейшчыны” і “Польшча – прыязная суседка Беларусі”. У 2018 годзе перамагла ў тэлегульні «Адзін супраць усіх» і атрымала выйгрыш у 2000 долараў. У 2017 годзе выйшла ў свет энцыклапедыя “Хто ёсць хто ў Рэспубліцы Беларусь”, дзе напісана пра Ніну Марчук як пра асобу, якая ўнесла значны ўклад у гісторыю.
Гэта быў цікавы, жывы і разнапланавы чалавек. Яе заўчасны і раптоўны сыход – гэта страта не толькі для сям’і, але і для ўсёй Беларусі.
Успамінае яе муж, з якім яна пражыла амаль 50 гадоў, Георгій Марчук:
– Яна была душой у хаце. І зараз хата апусцела, тут няма душы. Мы былі розныя людзі, вельмі розныя, і нам было цяжка па жыцці. Я быў прыземлены чалавек, а яна ўвесь час лятала.
Аляксандр Мех з Кобрыні:
– Гэта быў чалавек, які не проста шмат працаваў у галіне гісторыі, але ж і ў галіне развіцця нашага грамадства. Я лічу Ніну Марчук часткай эліты нашага грамадства.
У жніўні месяцы выйшла кніга Ніны Марчук “Паміж памяццю і гісторыяй”. Аўтар прысутнічала на прэзентацыі. Кніга, як аказалася, стала апошнім падсумаваннем жыцця цудоўнай беларускі, якая пакінула яркі след у гісторыі Кобрыньшчыны і Берасцейшчыны.
Памінальная паніхіда па Ніне Марчук пройдзе ў Нікольскай царкве Кобрыні а 10 гадзіне 25 кастрычніка.
Беларускае Радыё Рацыя