Аляксандр Мех: Пікет на 25 сакавіка будзе мець асветніцкі характар



Кобрынскія ўлады далі дазвол на правядзенне 25 сакавіка ў цэнтры горада святочнага пікета да 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі. Па словах замоўніка мерапрыемства, грамадскага актывіста Аляксандра Меха, пікет будзе мець асветніцкі характар:

– Каля тыдня ішлі доўгія перамовы з чыноўнікамі Кобрынскага выканкама. Дасягнута дамоўленасць, што пікет будзе праходзіць перад Палацам культуры 25 сакавіка з 11.00 да 15.00. Мы зробім выставу інфармацыйных буклетаў пра 100-годдзе БНР.

Паводле Аляксандра Меха, пікет у Кобрыні ён замаўляў на 24-ае сакавіка. Каб 25-га жадаючыя маглі паехаць на свята ў сталіцу. Але ўлады на 24-ае адмовілі, пагадзіліся толькі на 25-ае і нават у цэнтры горада. На думку Меха, каб не дапусціць кобрынскіх актывістаў у Менск.

Плаціць за правядзенне пікета Аляксандр Мех будзе са сваёй кішэні.

Беларускае Радыё Рацыя