Аляксандр Мілінкевіч супраць зносу гістарычнага будынка ў Берштах



Палітык і былы кандыдат у прэзідэнты Беларусі Аляксандр Мілінкевіч змагаецца, каб ў вёсцы Бершты не зносілі гістарычны будынак.

Гэта будынак школы з амаль стогадовай гісторыяй, якая звязаная з беларускім школьніцтвам у рэгіёне.

Пра школу распавядае Аляксандр Мілінкевіч:

З гэтай школай звязаны беларускі рух ТБШ-оўскі: 20-х – пачатку 30-х гадоў. Тут сапраўды ў кожнай другой вёсцы былі гурткі ТБШ. І таму гэтае змаганне за беларускасць, за адраджэнне, звязанае з гэтай школай. Тут трэба рабіць пэўны цэнтр адпачынку. Некалі ў мяне была мара і я думаў, што можа ўдасца зрабіць такі Еўрапейскі моладзевы цэнтр: сустрэчы, экалогія, гісторыя. Я спрабаваў размаўляць, але мне мякка сказалі: «пагранічная зона». А сёння ўжо няма «пагранічнай зоны». Трэба проста аддаць прыватніку. Я б аддаў за адзін сімвалічны даляр, бо тут трэба капітальна ўкласці.

Былая настаўніца школы Галіна Яноўская спадзяецца на тое, што ў школе можа з’явіцца месца для адпачынку.

— Школа была дагледжаная, вельмі добры будынак. Дзесяцігодка. Шмат было і паралельных класаў. Я працавала ў гэтай школе з 1953 па 1997 год. Усё маё жыццё прайшло тут і я з болем гляджу не тое, што цяпер будынак недагледжаны. Трэба было яго даглядзець і нешта арганізаваць тут, ці то дом адпачынку, ці хаця б піянерскі лагер.

За некалькі апошніх тыдняў вакол школы пачалі зносіць дадатковыя пабудовы. Ужо знеслі майстэрні і дом ў якім жылі настаўнікі, аднак, мясцовыя жыхары спадзяюцца, што галоўны будынак школы не будзе зруйнаваны.

Беларускае Радыё Рацыя