Аляксандр Мілінкевіч: Яны не разумеюць святасці крыжа
Палітык Аляксандр Мілінкевіч прагназуе, ці могуць улады вярнуць курапацкія крыжы тым, хто іх усталёўваў.
Нагадаем, што Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што можа вярнуць крыжы, якія вывезлі з Курапатаў, калі іх уласнікі звернуцца з дакументамі, якія сведчаць пра ўласнасць на іх.
Аляксандр Мілінкевіч: Спадзяюся, што ва ўладзе ёсць людзі, якія разумеюць, што яны проста праваліліся з гэтай акцыяй па зносе крыжоў у Курапатах. Імідж улады пасля такіх дзеянняў і насамрэч вельмі пагоршыўся не толькі ўнутры краіны, але і за яе мяжой.
Тым больш, набліжаюцца выбары, і, можа быць, улада хацела б адкруціць сітуацыю назад, бо ў такіх выпадках вельмі важна захаваць твар, але Курапаты – гэта палітыка. З аднаго боку яны можа і не супраць выправіць свае памылкі, а з іншага хочуць паказаць сваю моц і магчымасці поўнага кантролю над усім. Таму, відаць, і не хочуць наступаць на горла ўласнай песні.
РР: Ці могуць вярнуць крыжы іх уласнікам?
Аляксандр Мілінкевіч: Могуць, але тут трэба разумець, што наша вярхоўная ўлада жыве ў сваім савецкім свеце, яны не разумеюць святасці крыжа. Нават для людзей няверуючых крыж – гэта вялікі сімвал. А падзяляць крыжы на “дазволеныя” і “недазволеныя” – гэта наогул поўны анахранізм. Адразу прыпамінаюцца крыжы, якія камуністы і камсамольцы знішчалі, скідвалі з цэркваў званы.
Гэтая сітуацыя для ўладаў вельмі крытычная, але лепш выпраўляць памылкі, чым настойваць на тым, што ўсё робіш слушна. Калі вы заяўляеце, што Беларусь – еўрапейская дзяржава, то трэба ісці далей, а не паступаць як пры таталітарных рэжымах.
РР: Навошта было наогул абвастраць сітуацыю?
Аляксандр Мілінкевіч: Няма інтуіцыі, бо калі робіш такія крокі, то трэба было б пралічыць і рэакцыю на іх. Улада, як ужо казаў, жыве ў сваім свеце, а людзі ў сваім. Улада не адчувае сувязі з людзьмі, няма камунікацыі. Паміж імі – бездань.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя