Аляксандр Мядзведзь: Мае перамогі належаць Беларусі!
16-га верасня спаўняецца 80 год жывой беларускай легендзе – лепшаму барцу вольнага стылю на планеце, лепшаму спартоўцу Беларусі ў 20 веку, што сышоў з дывана непераможным і нескароным, – АЛЯКСАНДРУ МЯДЗВЕДЗЮ.
Па цяперашніх мерках, ён быў спартоўцам проста касмічнага ўзроўню, што ўражваў увесь свет магутнасцю цела і маштабам асобы. Сёння Аляксандр Васільевіч – наш госць.
РР: – Хіба для маладых, пералічу хоць некаторыя Вашы ўзнагароды, якія раней ведалі ўсе – тройчы алімпійскі чэмпіён, семіразовы чэмпіён свету і Еўропы, дзевяціразовы СССР, прафесар, аўтар дзвюх кніг па барацьбе. Асобна – адзіны ў краіне ўладальнік медалі ЮНЭСКА “За высакароднасць у спорце”. І ўсё-ткі актуалізуем размову. Вашы адносіны да старасці, якой частка людзей проста баіцца? Хоць ёсць і такія, што лічаць яе праявай мудрасці, якой бракавала у юнацтве…
МЯДЗВЕДЗЬ: Увогуле, змагаюся са стомай ад жыцця! Сесці на ганку ды нічога не рабіць – не ў маёй натуры. Хоць з палачкай апошнім часам, але пастаянна ў руху. Прынамсі, рэгулярна ў Стайках, дзе сустракаюся з моладдзю. Штогод там праводзім юнацкія спаборніцтвы ў 8 катэгорыях “Мядзведзяня”. Акурат у верасні прыедуць да паўтысячы юнакоў і дзяўчат з розных краін – ад ЗША з Ізраілем да Турцыі з Іранам. Не цураемся розных школ барацьбы – сам у дзяцінстве цягаўся з цыганамі. Кожным разам на адкрыцці фатаграфуемся разам, раздаю аўтографы…
РР: Але ж існуе і “дарослы” чэмпіянат на прыз Аляксандра Мядзведзя, якому 47 (! ) год. Тут Вас можна параўнаць з Махамедам Алі, які пасля зыходу з вялікага спорту шмат займаўся дабрачыннасцю. Але на Вашых спаборніцтвах актыўна бяруць удзел дзяўчаты і жанчыны. Ці варта ім займацца барацьбой – застаецца спрэчным пытаннем…
МЯДЗВЕДЗЬ: Японцы год на 12 раней за нас “адкрылі” жаночую барацьбу. А як жа наша Васіліса Марзалюк – метр 75, але проста прыгажуня на дыване! З майго пасылу было зрабіць барцоўскія секцыі жанчын. Барацьба ў іх развівае эластычнасць, цудоўна яны ўсе выходзяць замуж, нараджаюць дзяцей! На апошнім чэмпіянаце свету нашы дзяўчаты паказалі рэальны задзел на перамогі на будучай Алімпіядзе ў Токіо, дзе і я ўзяў першы алімпійскі медаль.
РР: Але які выпадковы звонку лёс геніяльнага спартсмена! Нарадзіўшыся ў Белай Царкве ва Украіне, Вас накіравалі на працу на цаліну. А ў Беларусь патрапілі, нібы, выпадкова – у войска. Тут і заявілі пра сябе ўпершыню, узяўшы на чэмпіянаце Беларускай ваеннай акругі першы прыз…
МЯДЗВЕДЗЬ: (смяецца ) Лентачны магнітафон! Ён у мяне дагэтуль захоўваецца. Але першая школа ў мяне была ад бацькі-лесніка. Пасля вайны даводзілася і араць-сеяць, і – уручную дубовыя пні секчы. Гэта мае рукі ўмацавала на ўсё жыццё.
РР: Найбольш вядомае Ваша процістаянне з туркам Асманам Дуралеевым, волатам, якога перамаглі 8 раз запар – Вас называлі абсалютна непрадказальным на дыване…
МЯДЗВЕДЗЬ: Першы раз той выйграў у сябе дома. Але знайшоў свае “варыянты” перамогі над гэтым вопытным барацьбітом. Пасля чаго той дэманстратыўна кінуў бутэльку аб падлогу і, зайшоўшы ў раздзявалку, ўдарыўся з лёту галавой у шкафік. Усіх баёў і перамог не прыгадаць і не пералічыць – іх каля тысячы. Я выскачыў як той чорцік з табакеркі – худы, лёгкі па тых мерках – 93 кг. У Тбілісі на чэмпіянаце СССР прызёр свету Кандэлакі пытаецца ў экс-чэмпіёна Выхрысцюка – з кім будзеш бароцца? Той – вось з гэтым “баскетбалістам”. А на дыване я апошняга так выматаў, што пасля таго ванітавала.
РР: Усё-ткі самы запамінальны бой можаце назваць?
МЯДЗВЕДЗЬ: Так, з Крысам Тэйларам. Ён быў у зараз адмененай катэгорыі 200 кг. У Мюнхене паспрабаваў яго ўзняць і… зарабіў траўматычны радыкуліт. У немцаў “за ікорку” выменялі добрыя ўколы, што мне ўсю ноч калолі. Зранку выйшаў на дыван і выйграў Алімпіяду. Хоць пасля тае сустрэчы сам не мог апрануцца – штаны на мяне нацягвалі ў шпіталі… А ў 59-м годзе, яшчэ на службе, захварэў грыпам і ляжаў у ізалятары. Тым часам праходзіў чэмпіянат Узброеных Сіл СССР. І мяне загадам “выцягнулі” бароцца. Не, каб “паберагчыся” і прайграць – пайшоў на перамогу да канца. Там зарабіў “мігальную арытмію”, з якой прахадзіў фактычна да канца кар’еры. Урач, што мяне курыраваў, баяўся падпісваць пасля паперы на дазвол. Асабліва на высакагорнай Алімпіядзе ў Мехіка, дзе губляў ад перападаў ціску прытомнасць. Але праз гадзіну, як ачуняў – зноў на дыване. Пасля гэтага ўжо ў Менску на прыёме Пётр Міронавіч Машэраў падышоў – кажа, шмат і так зрабіў, мо ў Мюнхен не паедзеш? Не, падрыхтуюся і перамагу. Пасля Мюнхена ён мяне асабіста сустракаў.
РР: Што рухала да гэтай безагляднасці?
МЯДЗВЕДЗЬ: А як тады меркавалася – Радзіма даверыла, ідзі да канца. Тым больш, практыка была такая – патрапіў у зборную, выйграеш, дык ляці ў літаральным сэнсе далей. Другое ці трэцяе месца – вылятаеш. Так што трымаў заўжды вуха вострым, бо ззаду напіралі пастаянна годныя канкурэнты.
РР: Але пасадзі Вас зараз у машыну часу і перавязі на цаліну, адкуль пачаўся Шлях – паўтарылі б яго з усімі цернямі і ахвярамі дзеля таго, каб зведаць “100 гадзін шчасця” на п’едэстале?
МЯДЗВЕДЗЬ: Шчыра прызнаюся – НЕ! Надта ж цяжкі шлях. У мяне сын Аляксей таксама займаўся барацьбой, стаў чэмпіёнам свету і…адмовіўся займацца далей – бацька, маўляў, такім як ты не стану, а прозвішча псаваць не варта (смяецца ). А часам падумаць: якая розніца што 7 раз чэмпіён, тры Алімпіяды – а пенсія адна і тая ж…
РР: Няўжо праўда тое, што мне казалі?
МЯДЗВЕДЗЬ: Так – афіцыйна, як ва ўсіх – 320 новымі. Нармальна – на лекі, хоць і не ўсе, хапае. Пісаў наверх заявы – маўчаць. Але ў юбілей не будзем пра гэта…
РР: У свае часы Леаніда Брэжнева ў анекдотах называлі “малым палітычным дзеячам эпохі Алы Пугачовай”. Хай адпаведныя паралелі з Аляксандрам Мядзведзем дадумваюць слухачы-чытачы. Прынамсі, у Расеі многія знакамітыя спартсмены сыходзяць у тую ж палітыку. Няўжо не было “усякіх” спакус?
МЯДЗВЕДЗЬ: Упершыню скажу – былі. У 1972 у ЗША прапанавалі рыхтаваць “змену” па барацьбе “кеч”, што ў іх культывуецца. Давалі адразу каля 3 млн “зелені” за паўгода – гэта вам не сённяшнія курсы. А я вярнуўся ў Беларусь, каб стаць галоўным трэнерам нашай зборнай і быў трэнерам Савецкага Саюза.
РР: Вы лічыце сябе менавіта беларускім чэмпіёнам?
МЯДЗВЕДЗЬ: Так! Я люблю Беларусь. Мяне запрашалі зноў на Украіну – не паехаў. Прыехаў неяк знакаміты Аляксандр Ціханаў і дзівіўся – якая прыгажосць у вас! Паглядзеў бы, што пад Масквой дзеецца – якое бязладдзе. А ў вас працаўнікі сапраўдныя. З палявання з Віцебшчыны вяртаюся – ад відарысаў навокал сяджу і балдзею!
РР: У Вас ёсць яшчэ няздзейсненая мара, каб збылася?
МЯДЗВЕДЗЬ: (смяецца ) Дачакацца, калі праўнучкі будуць замуж выходзіць! І я надалей буду змагацца за жыццё – хадзіць у басейн, сустракацца і дапамагаць моладзі, гуляць у любімы більярд. Ездзіць на паляванні, якія, праўда, зараз назіраю з зэдліка. Пра мяне на спаборніцтвах казалі – “Мядзведзь з бярлогі выйшаў!” Адказваў – мядзведзь, але без поўсці. Усё-ткі найцудоўнейшае жыццё прайшло…
РР: Дзякуй, Аляксандр Васільевіч, за Вашы перамогі, якія сталі і перамогамі Беларусі…
МЯДЗВЕДЗЬ: Дзякуй вам. І – запрашаю на свята!
Урачыстае святкаванне 80-годдзя Алякандра Мядзведзя адбудзецца а 17-й гадзіне ў сталічным Палацы спорту.
Больш падрабязна – у далучаным гукавым файле:
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота аўтара