Аляксандр Наўмовіч: Калі кажуць, што ты штось скраў, то пакажы кішэні



Да ваяроў палка Кастуся Каліноўскага, якія ваююць ва Украіне, з боку грамадскасці асаблівая ўвага і павага. Беларусы спадзяюцца, што менавіта з дапамогай палка ўдасца зрынуць дыктатара Лукашэнку.

Аляксандр Наўмовіч

Пра складаную сітуацыю ў самім палку і пра тое, ці не марныя спадзяванні беларусаў пагаварыла нашая карэспандэнтка з госцем Беларускага Радыё Рацыя, жаўнерам палка Каліноўскага Аляксандрам Наўмовічам – пазыўны «Лахвіч»:

РР: Вы ўжо цяпер не ваюеце?

— Сёння чацвёрты дзень у Польшчы. Я зрабіў перапынак. Па-першае – адпачыць, па-другое – легалізавацца. У Польшчы легалізавацца, на маю думку, прасцей, чым ва Украіне.

РР: У якім батальёне вы ваявалі?

— Напэўна, ва ўсіх. Пачынаў я ў батальёне імя Кастуся Каліноўскага, потым ён перафармаваўся ў полк. І ў ім было два батальёны. Першы – батальён «Волат», другі – батальён «Тэрор». Батальён «Тэрор» адкалоўся, я пачынаў увогуле з батальёну «Волат». Потым я перайшоў у батальён «Літвін», а з «Літвіна» я перайшоў у механізаваную роту. Збольшага я ваяваў у батальёне «Волат».

РР: Чаму вам так прыходзілася шмат пераходзіць з батальёна ў батальён?

— У батальёне «Волат» я не знайшоў паразумення са сваім камандзірам, перайшоў у «Літвін». У «Літвіне» мяне ўсё задавальняла, і я бы вельмі хацеў акурат у гэты аддзел і павярнуцца. Чаму перайшоў у механізаваную роту? Гэта было для мене проста навучанне. Я вучыўся працаваць з панцырнікам.

РР: Усе ўжо ведаюць пра скандалы, што ўзніклі ў палку Каліноўскага. Што вы можаце сказаць пра гэтую сітуацыю?

— Пра гэтую сітуацыю цяжка штось гаварыць. 29-га лістапада будзе канферэнцыя, якую зладзіць кіраўніцтва палка. Я думаю, што там будуць адказы на пытанні, а калі не будзе, то будзем зноў разгортваць гэтую тэму, ну а пакуль пачакайма канферэнцыю.

РР: Вашыя пабрацімы гаварылі пра карупцыю і гэтак далей.

— А ў мяне няма даказальнай базы. Калі мне штось не падабаецца, мне не падабаецца тое, што няма адказаў на пытанні. Проста няма адказаў на пытанні. Папраўдзе, як казаў Максім Шабуцкі, калі кажуць, што ты штось скраў, то проста пакажы кішэні. Няма ніякіх адказаў на гэтае пытанне, даказальнай базы няма, але мяне моцна напружвае акурат тое, што няма адказаў на пытанні. Чаму?

РР: Штаб полка маўчыць.

— Я вам скажу так, калі б ваяроў не задавальняў такі штаб, людзі прыехалі б з фронту і штось змянілі. На мой погляд, проста ўсіх усё задавальняе. Можа не ўсіх, тыя, хто выказваецца, іх адзінкі. Яшчэ раз, гэта ўсё ж вайсковая арганізацыя, людзі ўзброеныя, людзі сур’ёзныя, яны б прыехалі і развязалі гэтыя пытанні. Ну, значыць, іх усё задавальняе.

Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле

З госцем Радыё Рацыя, жаўнерам палка Каліноўскага Аляксандрам Наўмовічам — пазыўны «Лахвіч» — размаўляла нашая карэспандэнтка Аліна Андрыевіч.

Беларускае Радыё Рацыя